Беларускія журналісты сталі лаўрэатамі прэміі "Свабода прэсы" арганізацыі "Рэпарцёры без межаў"

Галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна і намеснік рэдактара газеты "Наша ніва" Ягор Марціновіч сталі ўладальнікамі прэміі "Свабода прэсы" міжнароднай арганізацыі "Рэпарцёры без межаў" за 2015 год.



rep1.jpg

charter97.org

Цырымонія ўзнагароджання адбылася 10 снежня ў Вене. Радзіна ўзнагароджаная за артыкул "Не цалуйце рукі дыктатарам", Марціновіч — за расследаванне адносна жыллёвых умоў беларускіх чыноўнікаў у Драздах.

Прэмію "Свабода прэсы" патрануе ЮНЕСКА. У склад журы ўвайшлі першы ўпаўнаважаны па пытаннях свабоды СМІ ў АБСЕ Фраймут Дуве, упаўнаважаная па пытаннях свабоды СМІ ў АБСЕ Дуня Міятавіч, прэзідэнт аўстрыйскай камісіі ЮНЕСКА Эва Новатны, пасланец Аўстрыі ў камісіі ЮНЕСКА ў Парыжы Вольфганг Петрыч, генеральны сакратар МЗС Аўстрыі (у адстаўцы) Альберт Рохан і прэзідэнт "Рэпарцёраў без межаў" Рубіна Мёрынг,паведамляе БАЖ.

"Марцін Лютэр Кінг гаварыў: "Апошні крытэрый каштоўнасці чалавека — не тое, як ён паводзіць сябе ў час утульнасці і зручнасці, а тое, як ён трымаецца ў часы барацьбы і супярэчнасцяў", — цытуе Дуню Міятавіч charter97.org. — Калі мы губляем надзею на перамены, сярод нас заўсёды ёсць людзі, якія змагаюцца за свабоду і гатовыя змяняць свет. Мой шасцігадовы вопыт працы на пасадзе прадстаўніка АБСЕ па свабодзе слова гаворыць, што мы жывем у вельмі складаны час, час сур'ёзных выклікаў. Сёння нам патрэбныя журналісты больш. чым калі-небудзь, — яны кантралююць і выкрываюць улады".

Лаўрэатаў прэміі "Свабода прэсы" Міятавіч назвала "якраз тымі журналістамі, якія працуюць у складаныя і некамфортныя часы". "Беларусь знаходзіцца зусім побач, тут, у Еўропе, як і мая родная Боснія і Герцагавіна. Мы павінны пастаянна гаварыць аб праблемах у такіх краінах, увесь час называць прозвішчы людзей, якія пакутуюць у турмах", — падкрэсліла яна.

Альберт Рохан, выступаючы на цырымоніі, адзначыў, што ў дакладзе "Рэпарцёраў без межаў" за 2015 год Беларусь заняла 157-е месца сярод 180 краін, а таксама 195-е месца сярод 197 — у рэйтынгу свабоды слова, што публікуецца арганізацыяй Freedom House. "Гэта значыць, што сярод еўрапейскіх краін Беларусь знаходзіцца на апошнім месцы па ўзроўні свабоды слова. Пры гэтым з-за канструктыўнай ролі ва ўкраінскім канфлікце Еўрасаюз сёння прыпыніў санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Але гэтыя знакі "разрадкі" не павінны нікога ашукваць — у Беларусі па-ранейшаму аўтарытарная ўлада, СМІ зведваюць націск, а інтэрнэт часта блакуецца. Беларускія журналісты заслугоўваюць нашага прызнання, бо, нягледзячы на рэпрэсіі, працягваюць займацца сваёй важнай справай", — заявіў Рохан.

Рубіна Мёрынг у сваю чаргу нагадала пры 19-ты артыкул Дэкларацыі правоў чалавека, згодна з якім кожны чалавек мае права на свабоду слова, свабоду выказвання меркавання і свабоду распаўсюджваць і атрымліваць любую інфармацыю праз СМІ. "Лукашэнка даўно завуць апошнім дыктатарам Еўропы. Неяк пры сустрэчы спадарыня Радзіна мне растлумачыла, што з-за немагчымасці крытычна выказвацца ў краіне многія людзі сыходзяць ва ўнутраную эміграцыю. Калі мы гэта чуем, то разумеем, як жа добра жывем у сваіх краінах. Таму мы абавязаныя падтрымліваць тых, хто мае смеласць адкрыта выказваць сваё меркаванне ў такіх краінах, як Беларусь. Усе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах. Кожны чалавек павінен мець усе правы і ўсе свабоды без якога б там ні было адрознення, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання", — заявіла кіраўнік "Рэпарцёраў без межаў".