Былы дырэктар Даманаўскай паляўнічай гаспадаркі асуджаны за карупцыю і махлярства

Былы дырэктар Даманаўскай паляўнічай гаспадаркі вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства (ВГУП) "Ваенпаляванне" асуджаны за карупцыю і махлярства.



liesnaja_haspadarka.jpg

Як паведаміў БелаПАН старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Генадзь Буры, кіраўнік паляўнічай гаспадаркі з чэрвеня 2003 года па май 2007 года з карыслівай зацікаўленасці, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, і насуперак інтарэсам службы незаконна завалодаў каробкай дома, які планаваўся пад домік для паляўнічых.
 

Дырэктар зняў з балансу гаспадаркі каробку дома, якая каштавала 10 млн. рублёў, і аформіў як будаўнічыя матэрыялы, якія былі ва ўжыванні, на 590 тыс. рублёў. Затым на падстаўную асобу склаў дагавор куплі-продажу гэтых матэрыялаў. За нязначныя ўласныя сродкі дабудаваў будынак і на працягу года эксплуатаваў яго ў якасці кафэ. Пасля гэтага зарэгістраваў дом як жылы на свайго сына.
 

Паводле слоў Бурага, у верасні 2008 года кіраўнік паляўнічай гаспадаркі ўзяў у знаёмай жанчыны ў пазыку на год пад працэнты 26 млн. рублёў і перадаў ёй фіктыўны дагавор-пазыку, нібыта паляўнічая гаспадарка ўзяла гэту суму ў жанчыны. На працягу года мужчына вярнуў пацярпелай 5 млн. 720 тыс. рублёў, пасля чаго перастаў аддаваць доўг.
 

6 лютага 2014 года суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў 52-гадовага мужчыну вінаватым у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424 КК), махлярстве (ч. 3 арт. 209 КК) і прыгаварыў да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з арганізацыйна-распарадчымі і адміністрацыйна-гаспадарчымі абавязкамі, на тры гады.
 

Пытанне аб кампенсацыі ўрону паляўнічай гаспадарцы і пацярпелай жанчыне будзе вырашанае ў парадку грамадзянскага судаводства, зазначыў прадстаўнік пракуратуры.
 

"Мужчына абскардзіў прыгавор, прасіў адмяніць яго і накіраваць справу на новы разгляд, — расказаў Буры. — 11 красавіка судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула скаргу без задавальнення. Прыгавор пакінуты без змены і ён набыў законную сілу. У судзе касацыйнай інстанцыі высветлілася, што абвінавачваны пры працаўладкаванні ў паляўнічую гаспадарку падаў фіктыўны дыплом аб вышэйшай адукацыі".
 

Раней ён ужо быў судзімы за карупцыйнае злачынства.
 
Ларыса Шыганава, БелаПАН