Хто атрымаў Прэмію Кангрэса даследчыкаў Беларусі?
4 верасня на IV Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне абвясцілі пераможцаў Прэміі за лепшую навуковую публікацыю.

Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі"
Прэмія Кангрэса за найлепшую навуковую публікацыю ў 2012–2013 гадах надавалася па трох намінацыях: гісторыя, сацыяльна-палітычныя навукі, гуманітарныя навукі.
Ацэнку намінаваных на прэмію працаў праводзілі больш за 30 экспертаў у розных навуковых галінах. У адрозненне ад мінулага года, сёлета прэмія надавалась асобна за найлепшую манаграфію і артыкул.
Урачыстую цырымонію вялі філосаф і літаратар Ігар Бабкоў і палітолаг Наталля Васілеўская. Узнагароды надавалі доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў, філосаф, пісьменнік і літаратар Валянцін Акудовіч і сацыёлаг Таццяна Вадалажская.
У намінацыі "Гісторыя. Манаграфіі" прэмію атрымаў Алесь Белы за манаграфію "Хроніка Белай Русі: Імагалогія Беларусі ХІІ-ХVIII ст."
Андрэй Ціхаміраў з артыкулам "Жаночыя вобразы ў "заходнерускай" нарацыі" стаў лепшым у намінацыі "Гісторыя. Артыкулы".
У намінацыі "Гуманітарныя навукі. Манаграфіі" лепшым стаў Уладзімір Лобач з працай "Міф. Прастора. Чалавек: беларускі традыцыйны ландшафт у семіятычнай перспектыве".
Праца "Капитализм и тревога" прынясла Андрэю Горных перамогу ў намінацыі "Гуманітарныя навукі. Артыкулы".
Прэмію ў намінацыі "Сацыяльныя навукі" атрымаў Ігар Расолька за працу "Факторы воспроизводства белорусской идентичности в пограничных пространствах Польши и Литвы".
Пасля атрымання пераможцамі ўзнагарод, удзельнікаў Кангрэсу чакаў канцэрт гітарыста і выканаўцы Яўгена Барышнікава.







Алена Барэль, eurobelarus.info