«Ці то сюр, ці то фарс». Што не так з Тыднем роднай мовы-2021

Прэс-служба Нацыянальнай акадэміі Навук Беларусі анансавала з 15 лютага правядзенне Тыдня роднай мовы. Што з гэтай ідэяй не так і чаму дзяжурныя прызнанні ў любові да роднай мовы выглядаюць фарсам і чарговай імітацыяй спакою і дабрабыту — разбіраецца Салідарнасць.

Ілюстрацыя: Анарэ Дам'е. «Апусціце заслону, фарс сыграны». Літаграфія. 1834 год

Ілюстрацыя: Анарэ Дам'е. «Апусціце заслону, фарс сыграны». Літаграфія. 1834 год

Міжнародны дзень роднай мовы зацверджаны рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКО і адзначаецца штогод 21 лютага, пачынаючы з 2000 года. Традыцыйна далучаецца да свята і Беларусь, прычым у нас праводзяць не проста дзень, а цэлы Тыдзень роднай мовы (што прыемна), аднак толькі раз на год (што не можа не засмучаць).
Вось і сёлета перадапошні тыдзень лютага абяцае быць насычаным: у праграме мерапрыемстваў, прымеркаваных да Тыдня роднай мовы – шматлікія «круглыя сталы», напрыклад, да 160-годдзя вядомага этнографа Яўхіма Карскага 100-годдзя Інбелкульта, прэзентацыі кніг і дакументальных фільмаў, сустрэчы з мовазнаўцамі, навукова-практычныя семінары, адкрыты конкурс апавядальнікаў беларускай народнай прозы «Кацігарошак», рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, нават гульня-віктарына для школьнікаў па фразеалогіі і безэквівалетнай лексіцы.
Афіцыйны каментар прэс-службы НАН Беларусі гучыць важка: «У 2021 годзе, вызначаным у нашай краіне як Год народнага адзінства, асаблівае значэнне набывае навукова-практычнае забеспячэнне паспяховага функцыянавання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, у якіх павінна выкарыстоўвацца дзяржаўная мова краіны і мова тытульнай нацыі. База для гэтага створана ў акадэмічным Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН».
Насамрэч, у перакладзе з чынавенскай на чалавечую, тут па сутнасці не сказана нічога, гэта яскравы ўзор фармалізму кшталту «правесці мерапрыемства, далажыць і забыцца да наступнага разу».
Згадаем: усяго некалькі дзён таму Лукашэнка на Усебеларускім народным сходзе агучыў нібыта планы апазіцыі прымусова ўвесці ва ўсе сферы, ад дзіцячага садка да арміі, беларускую мову, а раcійскую паступова забараніць. І каго хвалюе, што падобнай праграмы наогул не існуе, галоўнае – пасеяць зерне раздору.
Яшчэ раз, каб уявіць у дэталях: цяперашні кіраўнік Беларусі палохае грамадзян Беларусі, што іх прымусяць (!) вывучаць і выкарыстоўваць беларускую мову – адну з дзвюх дзяржаўных і, паводле перапісу 2019 года, родную як мінімум для 61,2% беларусаў (па звестках Белстату, гэта 4 893 139 чалавек).
І, на дэсерт, рэпліка таго ж выступоўцы: «В великом русском языке есть часть белорусской души. Русский язык будет достоянием нашей нации». У якой яшчэ краіне падобнае магчыма?
Зрэшты, раней вызначыліся ў «любові» да беларускай мовы і самі акадэмікі. Ці памятаеце, улетку 2020-га у навуковым часопісе «Справаздачы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі» ўбачыў свет дзіўны артыкул «Беларуска-рускае дзвюхмоўе – гістарычна складзеная гісторыка-культурная каштоўнасць народа».
Аўтары – старшыня прэзідыума НАН РБ, доктар эканамічных навук Уладзімір Гусакоў і акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН РБ, доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя, збіваючыся з навуковых тэрмінаў на публіцыстычны пафас, распавядалі пра блізкасць і сяброўства дзвюх моў і пра тое, што беларуская, канешне, грае важную ролю ў духоўнасці і менталітэце народа, але толькі ў непарушным тандэме з рускай.
У тэксце, напрыклад, сустракаюца такія пасажы: «Отмечая многие непреходящие достоинства белорусского языка и, прежде всего, такие, как душевность, гибкость и адаптивность, хотелось бы несколько сказать и о ценности русского. Думаем, не стоит кого-то убеждать, что русский язык – это мировой язык, отражающий мощную русскую культуру как составную и неотъемлемую часть мировой, на котором созданы крупнейшие и непреходящие культурные ценности. Обладание ими придает мощь и силу, знания и уверенность. Истинные произведения русского народа основаны на подлинных ценностях человечности, морали и нравственности, они впитали в себя все лучшее, на что способен славянский русский и православный этнос…».
Не дзіва, што артыкул выклікаў суцэльны скандал. Але на фоне далейшых падзей гэтая вельмі хутка адышла на дальні план, у кампанію да іншых «а можа, так і трэба».
Нітка да ніткі ўспамінаюцца сведчанні рэальнага, не на паперы, а на справе, стаўлення да беларускай мовы – ад насаджанага за шмат гадоў на ўзроўні падсвядомасці «па-беларуску размаўляе – відаць, БНФавец» да здзеклівых новатораў «пратэстуны» і «змагары», ад бязлітаснай зачысткі беларускамоўных крамаў з нацыянальнай сімволікай да фактычнага вынішчэння Купалаўскага тэатра, які ўжо больш за паўгода не сустракае гледачоў беларускамоўнымі (і наогул ніякімі) пастаноўкамі, ад пахаванай недзе на паліцах нацыянальнай кінапрэм’еры «Купала» да звальнення і пераследу «нязручных» дзеячаў культуры, сярод якіх літаратары, музыканты, акцёры і рэжысёры, выкладчыкі, выдаўцы, кіраўнікі музеяў і многія іншыя…
І тут, нібы прывітанне з паралельнай рэальнасці – днямі адбудзецца прэс-канферэнцыя «Захаванне беларускай мовы як галоўнага атрыбута нацыі і дзяржавы. Уплыў глабалізацыі на стан мовы». Ці то сюр, ці то фарс, ці звыкла-памяркоўнае «вы ж самі ўсё разумееце» – вам які варыянт больш даспадобы?