Cуд над 83-гадовай пенсіянеркай перанесены на 17 чэрвеня

Сёння ў Гродна павінен быў пачацца адміністрацыйны працэс у дачыненні да 83-гадовай актывісткі польскага грамадскага руху Веранікі Себасцяновіч. Ля будынка суда Кастрычніцкага раёна сабралася каля двух дзесяткаў чалавек — пераважна гродзенскія незалежныя журналісты, грамадскія актывісты, таксама прыехаў Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродна Анджэй Хадкевіч. Аднак працэс так і не пачаўся.



sebascianivich_sud.jpg

Адвакатка Юлія Юргелевіч паведаміла прысутным, што працэс пераносіцца на 10-ю гадзіну 17-га чэрвеня. Прычына ў тым, што суддзя Таццяна Гергель толькі выйшла з адпачынку і не паспела дэталёва азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Нагадаем, што пенсіянерку і камбатантку Вераніку Себасцяновіч вінавацяць нібыта за кантрабанду гуманітарнай дапамогі для сябраў ветэранскай арганізацыі — Звязу жаўнераў Арміі Краёвай у Беларусі. Справу ў дачыненні да Себасцяновіч у суд накіравала гарадзенская мытня, якая 2 красавіка бягучага году канфіскавала больш чым 70 скрынак з гуманітарнай дапамогай для ветэранаў АК ад польскай асацыяцыі “Одра-Нёман”. Вераніцы Себасцяновіч пагражае штраф да чатырох з паловай мільёнаў беларускіх рублёў.

 
spring96.org