Чытайце кнігі разам з «кніжным змоўшчыкам»!

Аляксандр Фядута ў зняволенні працуе над каментарамі да рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Пра гэта ў сваім фэйсбуку распавяла яго жонка Марына Шыбко.

80602340_3205131946170770_6483905697758052352_n.jpg

Марына Шыбко паведаміла, што атрымала ліст ад Аляксандра Фядуты, затрыманага ў Маскве па справе “спробы дзяржаўнага перавароту”. У лістах на волю Аляксандр Іванавіч распавёў, што шмат чытае ды абмяркоўвае ў камеры трагедыі Шэкспіра.

 «А ў нас новага, што прыйшоў ліст ад АІФа. Узрадаваўся, што 5 траўня атрымаў перавод, тэлеграму і мой ліст. Напісаў, што перачытаў «Ганну Карэніну (ну, безумоўна, на волі не было магчымасці), працуе над “Каласамі пад сярпом тваім”, будзе пісаць кнігу каментараў да іх. Замовіў энцыклапедыю “Караткевіч”, — пераказвае Марына Шыбко ліст Аляксандра Фядуты. — З сукамернікамі абмяркоўвае трагедыі Шэкспіра, народ падсеў на “Караля Ліра” і “Макбета”. Па рэкамендацыі АІФа набылі “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Ну чым не кніганоша?».

Марына Шыбко таксама адзначыла, што Фядута «набыў савецкі раман пра цуды Арлова “Альтыст Данілаў”, які не даходзілі рукі прачытаць. Так, відаць, у цуды верыць хочацца…».

Вечарамі жонка Аляксандра Фядуты збіраецца разам з ім, хоць і ў розных месцах, «чытаць вечарамі Забалоцкага і потым Цвятаеву».

«Сябры, чытайце з намі! Вось такія навіны ад кніжнага змоўшчыка. Усім дзякуе, хто напісаў, але лісты не даходзяць, а чые атрымаў, на іх адказаў», — напісала Марына Шыбко.