Доля беларускамоўных першакласнікаў упершыню склала менш за 10%
У 2018/2019 навучальным годзе ў Беларусі вучыліся па-беларуску толькі 9,7 % вучняў першых класаў. І гэтая лічба з кожным годам скарачаецца.

Ілюстрацыйнае фота zviazda.by
Чатыры гады таму, у 2014 / 2015 навучальным годзе, доля першакласнікаў, якія вучыліся па-беларуску, складала 12,1 %. У 2009 годзе іх было 16,7%. Калі дзяржаўная палітыка не зменіцца, то праз 10 гадоў доля беларускамоўных школьнікаў стане блізкай да нуля.
Беларусь была самай русіфікаванай з рэспублік СССР, але нават тады пры канцы савецкага перыяду доля беларускамоўных школьнікаў складала 22%. Пасля здабыцця незалежнасці доля беларускамоўных школ рэзка вырасла, але пачала зноў падаць пасля таго як з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі зноў пачалася русіфікацыя.
З 1995 да 2006 года доля беларускамоўных школьнікаў скарацілася з больш чым 40 да тых самых савецкіх 22%. У 2011-м яна ўпала да 17,8%, у 2016-м — да 13,3%. Былі зачыненыя беларускамоўныя патокі ў ВНУ.
Найбольшая доля беларускамоўных першакласнікаў цяпер — у цэнтральнай, Мінскай вобласці, гэта 17,9%. На Берасцейшчыне па-беларуску пайшлі вучыцца 14,5% дзяцей, на Гарадзеншчыне — 10,9%. Найменшая доля — на Віцебшчыне, усяго 6,3%. У горадзе Мінску ў беларускамоўныя першыя класы прынялі толькі 2,7% дзяцей.

Інфаграфіка: Зміцер Івановіч, Rebenok.by.
Самі беларускамоўныя школы застаюцца такімі толькі на паперы. У выніку нізкіх заробкаў педагогаў і ідэалагічных фільтраў беларускамоўных педагогаў-прадметнікаў не хапае.
Беларусь — адзіная славянская дзяржава, дзе доля дзяцей, якія навучаюцца на нацыяльнай мове, падае. Нягледзячы на супраціў Расіі, Украіне ўдалося ўмацаваць пазіцыі ўкраінскай мовы. У іншых славянскіх дзяржавах, нават малых, як Славенія ці Паўночная Македонія, нацыянальныя мовы таксама функцыянуюць як адзіныя дзяржаўныя.
Мікола Бугай, nn.by