Сабраць старшакласніка ў школу бацькам сёлета будзе каштаваць да 890 рублёў
Аптымальная экіпіроўка школьнікаў малодшых класаў будзе сёлета каштаваць бацькам да 750 рублёў. На збор у школу старшакласніка давядзецца выкласці з кішэні да 890 рублёў. Такія сумы назвала намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання — начальнік аддзела спажывецкага рынку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава, перадае Еўрарадыё.

У гэтую суму ўключаюцца выдаткі на адзенне, абутак, галантарэйныя тавары, школьныя пісьмовыя і канцылярскія прылады.
Прадстаўніца міністэрства дадала, што з 15 ліпеня па ўсёй Беларусі пачаўся пашыраны продаж тавараў для школьнікаў. Акцыя працягнецца па 1 кастрычніка. «Прапануецца каля 500 мадэляў адзення дзелавога стылю для дзяўчынак і хлопчыкаў, каля 200 мадэляў абутку, больш за 70 мадэляў трыкатажных вырабаў, а таксама да 100 мадэлей ранцаў, заплечнікаў, сумак са святлоадбіўнымі элементамі», — пералічыла чыноўніца.