Дзмітрый Лаеўскі: Я ўсё роўна працягну адстойваць права на выказванне прававой думкі

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі паведаміў у сваіх сацыяльных сетках аб разглядзе яго скаргі на пастанову Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, якая вынесла яму вымову.

190493355_4348892921788921_881941392978343448_n.jpg

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі, які абараняе палітвязня Віктара Бабарыку, паведаміў, што ў хуткім часе будзе разгляд яго скаргі на пастанову Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.
«24 мая ў дысцыплінарнай камісіі БРКА (рэспубліканская калегія) будзе разглядацца мая скарга на пастанову дысцыплінарнай камісіі Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, якой 8 красавіка мне была абвешчана вымова. Нагодай для дысцыплінарнай вытворчасці і вымовы стаў мой пост з крытыкай зменаў закона аб адвакатуры, — піша Лаеўскі. — Гэтыя змены закона згубныя для адвакатуры, паколькі не проста адкідаюць яе ў развіцці на шмат гадоў назад, але і шкодзяць незалежнасці адвакатаў і, адпаведна, магчымасцям грамадзян у атрыманні абароны. Я падумаў, проста не сумленна было б прамаўчаць тады і не запярэчыць супраць такога закона, які, апроч іншага, прыводзіць да спынення дзейнасці майго бюро і пазбаўляе маіх падабаронных права атрымліваць прававую дапамогу каманды. Так што я паспрабаваў. Перакананы, што калі б прагучала публічнае меркаванне адвакатаў аб непрымальнасці закона, то яно было б падтрымана шырокай грамадскасцю, і закон можна было прадухіліць. Аднак ён прыняты парламентам і хутка можа быць падпісаны. Але я ўсё роўна працягну адстойваць права на выказванне прававога меркавання — як па справах падабаронных, так і па незалежнасці прафесіі (мне здаецца гэта важным)».
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна”Аляксей Лойка ўпэўнены, што вымова адвакату Лаеўскаму за прафесійнае выказванне меркавання – гэта непрыхаваная помста Мінюста і кіраўніцтва адвакатуры за тую дыскусію, якую ўзняў абаронца ў публічнай прасторы па пытанні аб незалежнасці інстытута прафесійных абаронцаў у кантэксце тых зменаў, якія чакаюць беларускую адвакатуру.

Адвакаты, якія абараняюць падсудных, затрыманых па палітычных справах, падпалі пад шматлікія рэпрэсіі пасля пратэстаў 2020-га года. Так, іншы адвакат Віктара Бабарыкі Аляксандр Пыльчанка быў пазбаўлены ліцэнзіі, таксама ліцэнзію адабралі ў адвакаткі Марыі Калеснікавай Людмілы Казак. Адвакат Сяргей Зікрацкі быў пазбаўлены ліцэнзіі і вымушаны з'ехаць за мяжу.