Французскі пасол Нікаля дэ Лакост бярэ ўрокі беларускай мовы

Французскі пасол, які ў Беларусі паўгода, ужо валодае беларускай мовай. Анатоль Лябедзька распавёў «Народнай Волі», што для яго стала «першым пазітыўным шокам» тое, што Нікаля дэ Лакост папрасіў размаўляць з ім па-беларуску.

dypkurer_francuz.jpg.webp

Новы пасол Францыі прыехаў у Беларусь восенню мінулага года і ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Уладзіміру Макею.

З тых часоў Нікаля дэ Лакост правёў нямала сустрэч з прадстаўнікамі самых розных сфер — ад палітыкаў да бізнесменаў.

Нікаля дэ Лакост перад тым, як прыехаць у Мінск, пагутарыў са сваімі калегамі-дыпламатамі, якія працавалі ў Беларусі. Амаль кожны даў яму параду, парэкамендаваў, на што звярнуць увагу.

Паколькі Нікаля дэ Лакост яшчэ не ўручыў даверчыя граматы кіраўніку дзяржавы, то яго мандат трохі абмежаваны: напрыклад, ён пакуль не можа даваць інтэрв’ю.

У Беларусь у бліжэйшы час будуць прыбываць новыя дыпламаты, у тым ліку і з еўрапейскіх краін. Ці маюць яны намер ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку? Бо Еўропа і Амерыка, як вядома, не прызналі яго законна абраным прэзідэнтам.

У амбасадзе Францыі кажуць, што дата цырымоніі ўручэння даверчых грамат кіраўніку дзяржавы пакуль не прызначана. А калі пра яе стане вядома, дыпламат паведаміць пра гэта ўраду сваёй краіны — менавіта ён будзе прымаць рашэнне з гэтай нагоды.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі Нікаля дэ Лакост практычна без акцэнту гаворыць на рускай і беларускай мовах — гэта вельмі спрашчае камунікацыю і дыстанцыю. Ён доўгі час жыў і працаваў у Польшчы, мае дыплом са спецыялізацыяй па рускай мове. Магчыма, таму і беларуская мова даецца яму адносна лёгка: дыпламат выкарыстоўвае ў сваіх прамовах нават дыялектныя выразы!

Тым не менш Нікаля дэ Лакост бярэ некалькі ўрокаў беларускай на тыдзень. Гаворыць, што падчас шматлікіх сустрэч заўважае, як рэзка змяняецца стаўленне людзей да яго, калі ён пераходзіць на беларускую мову. Дзіўна, але падчас афіцыйных сустрэч пасля яго выступленняў на мову пераходзяць нават чыноўнікі і бізнесмены: маўляў, калі ўжо француз можа, то нам тым больш нельга тварам у бруд!

Дарэчы, на канец мая запланавана публічная лекцыя Нікаля дэ Лакоста «Франсуа дэ Кальер, або мастацтва перамоў: дыпламатыя ўчора і сёння». 

Нікаля дэ Лакост з Рыгорам Кастусёвым

Нікаля дэ Лакост з Рыгорам Кастусёвым

Экс-кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дырэктар цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька падзяліўся з «Народнай Воляй» сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з французскім паслом.

«Мы размаўлялі крыху больш за гадзіну, — гаворыць Анатоль Уладзіміравіч. — Ініцыятыва сустрэчы сыходзіла ад французскага боку, і я з радасцю згадзіўся, таму што хацелася праінфармаваць прадстаўнікоў дыпкорпуса пра тое, як ідзе праца над праектам Канстытуцыі новай Беларусі.

Нікаля дэ Лакост падаўся мне вельмі жывым дыпламатам, з вялізнай цікаўнасцю да краіны, гісторыі і ўсяго таго, што тут адбываецца. Здзівіла, што ён ужо валодае беларускай мовай. Ён нават папрасіў, каб я размаўляў з ім па-беларуску — гэта было для мяне першым пазітыўным шокам.

Нягледзячы на тое, што амбасадар знаходзіцца тут, калі не памыляюся, з лістапада мінулага года, ён глыбока пагрузіўся ў нашу рэчаіснасць, са многімі пазнаёміўся. І відаць, што перад тым, як сюды прыехаць, ён актыўна штудзіраваў краіну, а зараз таксама актыўна спрабуе яе спазнаць. Ён папрасіў выслаць яму наш праект Канстытуцыі, сам прапанаваў зрабіць сумеснае фота. Такія быццам бы дробныя моманты, але з іх складваецца шыкоўны партрэт!»

Паводле «Народнай Волі»