Мультфільм-пераможца прэміі «Оскар» выйшаў па-беларуску

Відэасэрвіс VOKA у партнёрстве са студыяй «Disney» выпусціў мультфільм «Душа» ў перакладзе на беларускую мову. Спецыяльна для платформы афіцыйны дубляж рыхтавала кампанія «Кінаконг».

voka_dusza_.png


«Душа» — новая праца стваральніка папулярных мультфільмаў «Уверх» і «Галаваломка» Піта Доктэра пра тое, як жыць кожнай хвілінай, радавацца дробязям і не вымотваць сябе ў пагоні за міфічным поспехам. Гісторыя джазавага піяніста Джо Гарднэра, які пасля няшчаснага выпадку спрабуе вярнуцца ў сваё цела з Семінара Душ і здзейсніць мару граць у клубе, скарыла гледачоў па ўсім свеце.
Сёлета мультфільм «Душа», зняты студыямі «Pixar» і «Disney», стаў пераможцам прэміі «Оскар» адразу ў дзвюх намінацыях: «Найлепшы анімацыйны фільм» і «Найлепшая праца кампазітара».
У запісе афіцыйнага дубляжу «Душы» на беларускай мове бралі ўдзел Яўген Перлін, Святлана Цімохіна, Наталля Кот-Кузьма, Юлія Шпілеўская і іншыя. Акцёраў для агучвання галоўных роляў зацвярджала студыя «Disney». Пачуць і ўбачыць, як персанажы гэтага мультфільма гавораць іх галасамі, гледачы VOKA могуць ужо зараз.
«Душа» папоўніць раздзел відэасервісу «Кіно па-беларуску — CINEVOKA», дзе таксама можна знайсці, да прыкладу, пераагучаныя мультфільмы «Уверх», «Рыбка Поньё» і «Таямніца Келс». Акрамя анімацыйнага і мастацкага кіно, у раздзеле «CINEVOKA — Серыялы па-беларуску» ў беларускім дубляжы гледачам платформы даступны яшчэ і серыялы.