Галоўныя «грантасмокі» Беларусі. Хто яны?

Хто ў Беларусі атрымлівае найбольш заходніх сродкаў? З гэтым пытаннем разбіраліся на платформе ideaby.org.

pixabay.org

pixabay.org

У Беларусі ёсць два тыпы заходняга фінансавання — тое, пра якое пішуць, і тое, пра якое звычайна маўчаць. Напрыклад, у мінулым месяцы ледзь не ўсе СМІ напісалі пра Трампа, які плануе скасаваць амерыканскую дапамогу Беларусі (і не толькі ёй).

Грошы, якія ЗША выдаткоўвае на Беларусь, не надта вялікія (каля $ 8 млн), але яны амаль цалкам ідуць на падтрымку грамадзянскай супольнасці і недзяржаўных арганізацыяў, развіццё стартап-руху і малога бізнесу ў рэгіёнах. І відавочна, што жыццё многіх НДА і мясцовых ініцыятываў можа значна ўскладніцца.
Але насамрэч гэтыя $ 8 млн – гэта кропля ў моры ў параўнанні з тымі сродкамі, пра якія ў Беларусі не пішуць.Гэта тыя сродкі, якія ад Захаду атрымліваюць беларускія ўлады, падуладныя ім недзяржаўныя арганіазацыі ды міжнародныя арганізацыі. Як прыклад, праект на паўмільёна еўра, які акурат пачынае беларускі Чырвоны Крыж і мясцовыя ўлады.
Агулам штогод Беларусь атрымлівае каля $ 100–120 млн грантавай дапамогі, большасць з якой ідзе з Еўрапейскага Саюза. Пры гэтым ЕС мае яшчэ і павялічыць фінансаванне. І насамрэч Беларусь не ўнікальная ў тым, што большасць сродкаў выдаткоўваецца дзяржаве — у той жа Украіне каля 87 % усёй міжнароднай тэхнічнай дапамогі таксама ідзе дзяржаўным інстытутам.
Але адрозненне ў тым, што ў Беларусі гэты агромністы пул сродкаў застаецца мала каму вядомым.
Міністэрства эканомікі (якое адказвае за рэгістрацыю праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі) не публікуе дадзеныя аб праектах і іх рэалізацыі. Еўрапейскі Саюз хоць і спрабуе рабіць працэсы больш празрыстымі і стварыў для гэтага адмысловы сайт, але партал усё роўна мае даволі абмежаваную інфармацыю і не асвятляе ўсіх актуальных праектаў.
З той жа інфармацыі, якая публікуецца, і з размоваў з адмыслоўцамі вынікае, што рашэнне Трампа мала што зменіць для найбуйнейшых грантасмокаў краіны, чые бюджэты большыя, чым $ 8 млн на год.


Мінпрыроды

На нацыянальным узроўні, бадай, самым актыўным гульцом з’яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яно, на дзіва, адкрытае на інавацыі, не абмяжоўваецца толькі пытаннямі аховы прыроды і з’яўляецца галоўным рухавіком развіцця “зялёнай эканомікі” ў краіне. Ад 1997 да 2014 года міністэрства ўзяло непасрэдны ўдзел у блізу 70 праектах, якія фінансаваліся не толькі ЕС, але і Сусветным банкам, шведскімі і дацкімі агенцтвамі ды Праграмай развіцця ААН.
Хоць цяпер Міністэрства прыроды ўцягнутае ў карупцыйны скандал, а міністр адхілены ад працы, гэта не павінна паўплываць на актыўнасць структуры. Бо акурат лічыцца, што мінулы міністр даволі скептычна ставіўся да міжнароднай дапамогі і толькі замаруджваў рэалізацыю праектаў.

ПРААН

Другім актыўным гульцом на мясцовым грантавым рынку з’яўляецца Праграма развіцця ААН. Гэтую структуру любяць як беларускія чыноўнікі (бюракратам даволі хутка атрымліваецца знайсці агульную мову), так і Еўрасаюз, які ахвотна выдае гранты “надзейнай міжнароднай арганізацыі”.

На сённяшні дзень ПРААН рэалізуе ў краіне каля 30 праектаў з агульным бюджэтам у $ 20 млн.
Незадаволенымі застаюцца толькі НДА, якія крытыкуюць ПРААН за нізкую якасць выканання праектаў, а таксама скандалы з выдачай грантаў няісным арганізацыям ці прадзяржаўным НДА.

Мясцовыя ўлады

Не менш актыўнымі “грантасмокамі” з’яўляюцца рэгіянальныя ўлады, якія ва ўмовах бюджэтнага крызісу з ахвотаю прымаюць “варожыя” еўрапейскія грошы. Напрыклад, Браслаў, Навагрудак, Чавусы атрымліваюць сотні тысяч еўра на абнаўленне кацельных, устаноўку сонечных калектараў, цеплавых помпаў і іншыя модныя рэчы.
Можна колькі заўгодна размаўляць пра блізкасць да еўрапейскіх каштоўнасцяў, але калі Упраўленню капітальнага будаўніцтва Магілёва даюць $ 450 000 на рамонт будынка ці $ 3 млн на ветрагенератары, палітыка адыходзіць на другі план.
І чым менш будзе грошай у рэспубліканскім бюджэце, тым ахвотней мясцовыя ўлады будуць прымаць еўрапейскія гранты.
І ў адрозненні ад ЗША Еўрапейскі Саюз наўрад ці адмовіцца ад дапамогі Беларусі і спрытным бюракратам з ПРААН.