“Гарачыя” фінскія хлопцы вывучаюць беларускую мову (фота)
Фінскія заўзятары, якія прыехалі ў Менск на чэмпіянат свету па хакеі, навучыліся размаўляць на беларускай мове.

Яннэ Пеканнен прыехаў у беларускую сталіцу з Хельсінкі разам з сябрамі, і кампаніі вельмі падабаецца караоке па-беларуску ў “зоне гасціннасці”. Праўда, песні спяваць не трэба, але бягучы радок вучыць гасцей мове. Фразы на ангельскай ці на фінскай мове на экране дубліруюцца на беларускай, што і дапамагае фінам у вучобе.
«“Добры дзень”, “люблю дзяўчат”, “цудоўна”, “бывайце здаровы” — я ўжо ведаю гэта, — расказаў нашаму карэспандэнту адзін з гасцей. — І, натуральна, вывучыў слова “перамога”».
Да слова, з перамогамі на гэтым чэмпіянаце зборнай Фінляндыі пакуль не шэнціць. Спачатку фіны прайгралі камандзе Латвіі — 2:3, а ўчора і расейцам — 2:4.




Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара