Гродзенскі абласны суд растлумачыў, у чым шкода ад кнігі Алеся Бяляцкага

Праваабаронца Таццяна Рэвяка атрымала з Гродзенскага абласнова суда вызначэнне судовай калегіі па справе, датычнай рашэння суда Ашмянскага раёна аб рээкспарце літаратуразнаўчай кнігі зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай”.



asviecanyja_bielarushcynaj.jpg

Нагадаем, 31 сакавіка Гродзенскі абласны суд падтрымаў рашэнне Ашмянскага суда і пакінуў рашэнне аб рээкспарце 40 асобнікаў канфікаванага ў Таццяны Рэвяка на мяжы выдання, а зараз у сваім вызначэнні растлумачыў, у чым шкода “палітычным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнай бяспецы і маральнасці грамадзян” кнігі Алеся Бяляцкага.

“Азнаёміўшыся са зместам кнігі ў судзе касацыйнай інстанцыі, судовая калегія лічыць, што выснова суда пра тое, што інфармацыя, якая ў ёй утрымліваецца, можа нанесці шкоду палітычным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнай бяспецы і маральнасці грамадзян, з’яўляецца правільнай.

Так, на л.д. 361 аўтар указвае: “Іхняе пакаленьне праэксьперыментавала на сваіх дзецях, на усім наступным пакаленьні, адарваушы іх ад свайго роднага, беларускага на карысць хімернай ідэі пра выхаваньне новага “савецкага” чалавека, фактычна пазбавіушы свіх дзяцей нацыянальнай маралі.

Зараз гэты “савецкі” чалавек, не маючы нічога сьвятога за душой, цынічна рагоча, чуючы словы: Радзіма, мова, дзяржава. Для яго яны — пусты гук. Ен гатовы прадаць сваю землю хоць д’яблу, абы болей заплаціу. І ен ля улады”. (з артыкула “Нашыя бацькі”, ЛіМ, 2 лютага 1996 года — рэд.)

На л.д. 364 “Беларусь была бээсэсэраускай. Наперадзе не было ніякага прасьвету. Родныя браты-славяне з усходу і захаду зрабілі усё, каб нашая незалежнасьць захлынулася у крыві і згніла у турмах. Дзякуй ім за гэта”. (з артыкула “Добрая вестка”, ЛіМ, 22 сакавіка 1996 года — рэд.)

На л.д. 440 “Па беларускай мове топчуцца бліскучымі туфлямі расейскія палкоунікі, працягваюць тлуміць ачмурэламу пасьля Саветау народу галаву, і таму прароцтвы аутара, калі справа пойдзе так і далей, не падаюцца зусім нерэальнымі: “Изъ белорусского языка оставить только слово Батька. Из русского изъять слова ОРТ, НТВ, вместо них ввести слова БТ, БТР”… (з артыкула “Кніга, якая ёсць. Куля для прэзідэнта. Мн., 1997 ЛіМ, 5 верасьня 1997 года — рэд).

Звяртае ўвагу на сябе тое, што ў цытатах з артыкулаў Алеся Бяляцкага, прыведзеных па-беларуску ў вызначэнні суда (тут яны прыведзены як у арыгінале), адсутнічаюць “ў” — у некаторых словах яны прастаўлены ўручную, у некаторых іх зусім няма. Гэта азначае, што ў Гродзенскім абласным судзе беларуская мова проста адсутнічае як мова справаводства, і што з самога пачатку там закладзены прынцып ігнаравання адной з дзяржаўных моваў Беларусі, пра што сказана і ў прыведзеных гэтым жа судом цытатах з кнігі Алеся Бяляцкага.

Варта заўважыць, што Гродзенскі абласны суд падставай для забароны выдання называе зусім іншыя цытаты, чым сумнавядомыя эксперты В.Ягорычаў і В. Хілюта з Гродзенскага ўніверсітэта (нагадаем, вынікі абедзьвух праведзеных імі экспертыз прызнаны судом Ашмянскага раёна непрымальнымі), але высновы аднолькавыя: “вытрыманы аўтарам стыль выкладання і рыторыка могуць падштурхнуць чытача да ложных высноваў і меркаванняў, сфармаваць няправільнае ўяўленне пра Рэспубліку Беларусь, яе гістарычнае мінулае і сённяшняе, правакуе сацыяльна-палітычную напружанасць у грамадстве”.

Каментуе Таццяна Рэвяка: “Мяне вельмі ўразіла, якія выказванні Алеся сталі падставай для забароны кнігі. Яны пра мову, пра выбар гістарычнага шляху краіны, пра адмоўны ўплыў савецкай ідэалогіі на перспектыву пабудовы незалежнай дзяржавы. Вельмі ідэалагізаванае рашэнне ў дачыненні да ацэнак, які былі дадзены Бяляцкім яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. І вельмі сучаснае — выглядае як рэакцыя суддзяў на сённяшнія падзеі ва Украіне. Яшчэ падчас працэсу старшынствуючы суддзя Калеснік у мяне пытаўся, што я разумею пад цэнзурай. Тлумачыла сутнасць гэтага паняцця, як гэта прадугледжана ў нашай Канстытуцыі. І зараз магу дадаць, што тое, што здзейснена судовай калегіяй — прыклад цэнзуры. І карыстаючыся зараз ужо забароненым выразам Бяляцкага, дадам, што суддзі, як тыя “палкоўнікі” па мове — патапталіся па свабодзе меркавання. Хацела б даведацца ў суддзяў, а ці існуе адзінае “правільнае ўяўленне ўяўленне пра Рэспубліку Беларусь, яе гістарычнае мінулае і сённяшняе” — вельмі б хацелася пра яго даведацца”.

 
spring96.org