«Інклюзія — гэта калі людзі бачаць у органах улады сябе, а не толькі белых цысгендарных мужчын»

Сузаснавальніца ініцыятывы «ІншыЯ» Марына Штрахава пра сітуацыю з інклюзіяй у Беларусі і як яе можна палепшыць, што такое «ясная мова» і якія перспектывы роўнасці ў Беларусі, улічваючы таталітарную палітыку і складанасць з грамадскай свабодай.

Ілюстрацыйная выява. Архіў «НЧ»

Ілюстрацыйная выява. Архіў «НЧ»


Вельмі часта тэрмін «інклюзія» няправільна трактуецца ў грамадстве, адразу адзначыла Марына Штрахава.
«Інклюзія — гэта пра тое, калі і дзяржава, і арганізацыі, і людзі ў тым ліку ствараюць роўныя ўмовы ці, прынамсі, не ствараюць перашкод для таго, каб людзі з розных груп уключаліся ў жыццё грамадства: людзі з рознымі захворваннямі, напрыклад, ВІЧ-пазітыўныя, людзі з гепатытам, ЛГТБК+ персоны, людзі з інваліднасцю (гэта і пра слых, і пра зрок, і пра мабільнасць, і іншае)», — тлумачыць Марына Штрахава.


Спецыялістка кажа, што інклюзія дазваляе грамадству атрымаць бонусы здольнасцей усіх людзей, магчымасць карыстацца іх разнастайнасцю.
«Інклюзія — гэта не адно нейкае дзеянне, а працэс. І калі гэты працэс ідзе, ён наладжаны, не важна, на якім узроўні, у якой краіне ці арганізацыі ён адбываецца, ён дазваляе самым розным людзям уключыцца ў жыццё грамадства, а гэта значыць, яны могуць прынесці свае веды, здольнасці, навыкі ў гэтае грамадства і палепшыць яго».
Ёсць адмысловыя даследаванні, якія паказваюць карысць ад разнастайнасці.
«Бізнес пачынае ад гэтага выйграваць. Прадстаўленасць розных груп у органах улады робіць таксама рашэнні больш інклюзіўнымі, яны лепш успрымаюцца грамадствам, бо людзі бачаць у органах улады сябе — самых розных і разнастайных — а не толькі белых цысгендарных мужчын».
Інклюзія — працэс, які не мае канца, кажа Марына.
«Калі ты пачынаеш штосьці рабіць, нейкі працэс становіцца інклюзіўным, значыць, ты амаль заўжды прыкладваеш нейкія высілкі для таго, каб працэс такім і заставаўся і людзі ў гэты працэс уключаліся. Інклюзія — гэта пра ўзаемнасць, пра тое, што мы нешта ствараем. Пад «мы» могуць быць і грамадскія арганізацыі, як мая, і органы дзяржаўныя, і людзі, для якіх мы ствараем умовы, ці нейкія фізічныя рэчы, якімі яны могуць скарыстацца».

Ініцыятыва «ІншыЯ»
«У нас перазапусціліся сацсеткі і сайт theothersby.org. Мы робім карысныя пасты пра тое, як камунікаваць з рознымі групамі, як іх уключаць, як іх не крыўдзіць, не дыскрымінаваць, таксама парады для арганізатараў і арганізатарак мерапрыемстваў. Летась у нас быў вельмі клёвы і запатрабаваны курс «Рабі смела» для пачаткоўцаў у сферы арганізацыі мерапрыемстваў. Мы проста дапамагалі людзям увасобіць у жыццё ідэю іх першай імпрэзы — вельмі было класным і натхняльным, шмат людзей падаліся, навучыліся».

Слоган ініцыятывы — «Дазволь іншаму быць іншым».


«Мы працуем для таго, каб кожны і кожная ў нашым грамадстве адчувалі сябе сабой, не хавалі сваёй ідэнтычнасці, адчувалі сябе бяспечна ў гэтым грамадстве, маглі праяўляцца так, як камфортна гэтым людзям. Нам важна данесці думку, што ўсе мы розныя, унікальныя, і гэта класна, гэта крута, і не трэба за гэта асуджаць людзей побач, а наадварот — варта паважаць, цікавіцца адрознымі ад сябе людзьмі».


«Мы ўсе ўнікальныя — і гэта класна і вельмі натуральна»
Паводле спецыялісткі, існуюць краіны, дзе праблем з інклюзіяй менш, чым у іншых, але і ў гэтым выпадку ёсць свае нюансы.
«Мы кажам пра інклюзію як пра шырокі працэс, мы кажам пра розныя групы. І могуць быць краіны, у якіх створаны ўсе абсалютна ўмовы для людзей з нейкімі абмежаваннямі па мабільнасці, але абсалютна не прымаюцца геі і лесбіянкі. Ці інклюзіўная гэта краіна? Ну, наўрад ці, праўда? Бо тая ці іншая група татальна дыскрымінуецца ў сваіх правах. Таму казаць пра нейкую інклюзіўную краіну агулам цяжка. Можна, праўда, казаць пра тых, у каго створаны нейкія спрыяльныя ўмовы».


Марына прыгадвае сваю стажыроўку ў ЗША, якая тычылася праграм для людзей з інваліднасцю, інфраструктуры для іх.
«Канечне, ты прыязджаеш у Штаты і наўпрост адчуваеш гэтую розніцу, у тым ліку інфраструктурную, заканадаўчую. Там ёсць закон, які на федэральным узроўні забараняе дыскрымінаваць людзей з інваліднасцю і ўсталёўвае за гэта розныя віды адказнасці. Там класна працуюць суды, дзе ты можаш адстаяць свае правы, згодна з гэтым законам».
Спецыялістка адзначае, вельмі добра, калі ў краінах ёсць законы не толькі супраць дыскрымінацыі, але і для ўключанасці розных груп у грамадства. Напрыклад, нацыянальных меншасцей.
«Гэта даволі актуальна можа быць для еўрапейскай прасторы і для Беларусі. У нас таксама ёсць кампактнае пражыванне розных нацыянальных меншасцей, і краіна можа нешта рабіць, каб уключаць гэтых людзей у жыццё грамадства. А можа не рабіць, можа закрываць школы, напрыклад, літоўскамоўныя ці пераводзіць іх на беларускую\расійскую мову навучання — гэта абмяжоўвае правы іншых груп, не дазваляе паўнавартасна жыць у гэтым грамадстве, ведаць сваю мову і культуру».


Марына звяртае ўвагу і на тое, што лічыцца нормай для грамадства.
«Калі мы кажам пра Беларусь, то гэта могуць быць нават знешнія адрозненні: людзі, якія выглядаюць крыху інакш, могуць выклікаць значна больш цікавасці, нездаровага інтарэсу — а гэта пра парушэнне правоў і асабістых меж. То-бок гэта можа быць і пра знешнасць, і пра адрозненне ў сексуальнай арыентацыі, у здароў’і, у чым заўгодна яшчэ. І для арганізацыі заўжды важна гаварыць пра норму: адкуль яна бярэцца, хто яе ўсталёўвае, хто прыдумаў, што так можна, а так нельга».


Вельмі часта, калі пачынаюць разбірацца ў нормах грамадства, адказ гучыць «так гістарычна склалася», тлумачыць Марына.
«Так, атрымліваецца, што ўсё, што адрозніваецца ад большасці, лічыцца чымсьці іншым, незразумелым. Гэта характэрна для патрыярхальных краін, таталітарных, аўтарытарных, калі ёсць нейкая выдуманая маналітная аднолькавая большасць (якой таксама не існуе), якая, хутчэй за ўсё, аб’яднана па адной нейкай прыкмеце, а ўнутры гэтая большасць вельмі разнастайная. Калі кажуць пра меншасці, то таксама не бывае нейкай групы ў вакууме, пра якую кажуць: ну вось, яны адрозніваюцца прычоскай, яны ўсе лысыя — вось такая ў нас група сацыяльная дзіўная, мы будзем яе дыскрымінаваць, мы любім толькі людзей з доўгімі валасамі».
Але калі паглядзець унутр гэтай групы, можна ўбачыць велічэзную колькасць характарыстык: людзі пры гэтым могуць быць розных нацыянальнасцей, рознага веравызнання, мець розную сексуальнасць, фізічныя здольнасці і гэтак далей.
«Гэта інтэрсекцыянальнасць: няма нейкай групы ў вакууме, і ніхто з нас насамрэч не можа быць зведзены да адной сваёй ідэнтычнасці. І таму нават калі мы кажам пра недыскрымінацыю людзей з інваліднасцю, недыскрымінацыю ВІЧ-пазітыўных ці недыскрымінацыю людзей з псіхічнымі расстройствамі, варта разумець, што ўнутры гэтай групы таксама велічэзная разнастайнасць. Мы ўсе ўнікальныя, мы ўсе ў чымсьці адрозніваемся адно ад аднаго — і гэта класна, гэта добра, гэта нармальна, гэта вельмі натуральна».

Якая сітуацыя з інклюзіяй у Беларусі?
«Мы на пачатку гэтага года рабілі апытанне «Як справы ў сферы інклюзіі». Апытвалі ў першую чаргу тых, хто з гэтай сферай працуе. Мы пыталіся пра перыяд пасля 2020 года і, для параўнання, як было да 2020 года, як змянілася сітуацыя ў гэтай галіне. Даволі чакана больш за палову сказалі, што сітуацыя пагоршылася, астатняя частка лічыць, што сітуацыя засталася той жа самай, і літаральна двум чалавекам падалося, што сітуацыя палепшылася».


Марына кажа, што, на думку іх арганізацыі, сітуацыя з інклюзіяй у Беларусі пагоршылася, у тым ліку праз тое, што ўлады ліквідавалі арганізацыі, якія працавалі з уразлівымі групамі.
«Зараз большасць працы ўнутры Беларусі перайшла ў так званы сэрвісны фармат. Значыць, арганізацыя аказвае нейкія паслугі, робіць нейкія мерапрыемствы — групы падтрымкі, адукацыйныя курсы і іншае. Гэта ўсё вельмі важныя рэчы, без якіх праца з уразлівай групай немагчыма, але пры гэтым узровень прасоўвання правоў у Беларусі відавочна прасеў і знік, проста праз тое, што зніклі магчымасці камунікацыі і прасоўвання правоў».


Спецыялістка кажа, што сёлета ў Беларусі быў прыняты закон «пра сацыяльную абарону інвалідаў». І адразу заўважае, што так некарэктна называць людзей, бо правільна — «людзі з інваліднасцю».
«Закон неблагі, стварае нейкія дадатковыя ўмовы для людзей з інваліднасцю. Пакуль незразумела, наколькі клёва ён зможа працаваць, не чула нейкіх навін, што вось там пэўныя квоты для людзей з інваліднасцю ўводзяць, не зразумела, як гэта на практыцы будзе рэалізавана. Частка інклюзіі, асабліва калі мы кажам пра дзяржаву, — гэта пра фінансы, стварэнне інфраструктуры, пра нейкія субсідыі, датацыі, льготы. Калі дзяржава знаходзіцца не ў самым лепшым эканамічным стане, то і адпаведна пакутуюць у першую чаргую ўсё тыя ж уразлівыя групы, якія часцей за ўсё атрымліваюць значна менш падтрымкі, чым іншыя».

Ці падтрымліваюць беларусы дыскрымінацыю пэўных груп?
«Гэта, на жаль, пазіцыя беларускага грамадства. Калі казаць у шырокім сэнсе, то зараз няма апошніх нейкіх апытанняў, але ёсць, напрыклад, даследаванне «Цэнтра новых ідэй» па ацэнцы Беларуси як складанай сістэмы па розных крытэрах. І там адным з пытанняў было пытанне пра талерантнасць — наколькі ацэньваецца гэтая характарыстыка ў беларускім грамадстве, і яна атрымала адзнаку -1.8, то-бок амаль -2 па шкале ад мінус пяці да плюс пяці. Гэтая адзнака адпавядае характарыстыцы «крызіс».


Такія вынікі пацвярджаюцца і рознымі даследаваннямі, якія рабіліся раней, кажа Марына.
«Часта ў сацыялогіі пра талерантнасць, інклюзію, дыскрымінацыю задаюць пытанні: з кім бы вы жылі? каго б вы гатовы былі прыняць у якасці суседзяў? каму б вы здавалі кватэру? І часцей за ўсё даследаванні паказваюць, што вельмі мала людзей, кшталту 10-15% гатовы, але большасць — не. І гэта паказвае архаічнасць, патрыярхальнасць грамадства, бо разам з уразлівымі групамі ў гэтыя адносіны трапляюць, напрыклад, аборты, людзі, якія жывуць сексуальнымі адносінамі па-за шлюбам».
Такая патрыярхальнасць грамадства накладвае сваю пячатку на стаўленне да ўразлівых груп, кажа спецыялістка.
«Хочацца нібыта верыць, што пратэсты і бачнасць самых розных людзей на пратэстах добра паўплывае на тое, што гэтыя групы будуць успрымацца на роўных з умоўнай беларускай большасцю, з сярэдняй, не існуючай беларускай ці беларусам. Але пакуль той жа індэкс паказвае, што гэта не так — гэта сфера дастаткова патрыярхальная, стэрэатыпная, там шмат дыскрымінацый розных».

Як палепшыць сітуацыю з інклюзіяй?
«Працаваць. 24/7. Усім. Насамрэч класна працуюць адукацыйна-асветніцкія мерапрыемствы, розныя матэрыялы, кампаніі — усё тое, што могуць рабіць актывісты і актывісткі. Але калі казаць пра нейкі ўзровень аднаго чалавека, то можна распаўсюджваць карысныя матэрыялы пра інклюзію, камунікаваць з рознымі людзьмі пра тое, якія ўмовы варта ствараць».


Важна таксама рэагаваць на сітуацыі, калі вы бачыце, што хтосьці кагосьці абражае, некарэктна кажа ці праяўляе нейкую агрэсію, кажа спецыялістка.
«Варта рэагаваць на гэта і казаць, што гэта непрымальна, так нельга, трэба рэагаваць на мову варожасці. Ёсць класныя артыкулы, як пісаць, як казаць, ёсць круцейшы «Медиа-решебник» — сайт, які зрабілі розныя арганізацыі, і там ё адказы, як пісаць пра розныя групы, там шмат рознага пра тое, чаму так склалася, што група называецца так, а не інакш на беларускай прасторы, як варта яе называць, чаму група сама называе сябе інакш. І гэта класная магчымасць пачынаць з сябе і заўважаць, што хтосьці кажа інакш».


Таксама Марына раіць рэсурс «Чэкер мовы варожасці», які зрабілі журналісты «За талерантнасць».
«Туды можна проста закінуць свой тэкст на расійскай, беларускай ці ўкраінскай мове, і сэрвіс падсвеціць словы, якія, тэарэтычна, могуць быць некарэктнымі, і патлумачыць, чаму так. Больш за тое, сэрвіс прапануе альтэрнатыву і скажа: вось так можна напісаць больш карэктна».

Што такое «ясная мова»?
«У Беларусі ёсць цэлы стандарт пра «ясную мову». Гэта мова выкарыстоўваецца для таго, каб людзі з рознымі ментальнымі асаблівасцямі маглі ўспрымаць абсалютна любыя тэксты. Калі паглядзець на прынцыпы, як пісаць на яснай мове, то насамрэч гэта пра тое, каб тэксты былі больш простымі».
Каб пісаць ясна, варта пазбягаць складаных тэрмінаў, абрэвіятур, пісаць кароткімі простымі сказамі.
«Камфортна, зразумела напісаны тэкст будзе зразумелы не толькі людзям з ментальнымі асаблівасцямі. Ён будзе зручны, напрыклад, для замежнікаў, якія прыехалі і не ведаюць добра мовы. Малыя дзеці, людзі сталага веку — ім таксама прасцей нейкі маленькі кавалак тэксту прачытаць і ўсё зразумець».
Такую «даступнасць» у інфармацыі можна параўнаць і з інфраструктурай, якая аказваецца зручнай для ўсіх людзей, а не толькі для пэўных груп.
«Даступная інфраструктура раней заўжды рабілася толькі для людзей з абмежаванай мабільнасцю. Але пасля высвятляецца, што мне на электрычным самакаце таксама зручна ехаць там, дзе зроблена даступная інфраструктура. Ці маці з дзіцём, ці чалавеку з вазком. Усім гэтым людзі карыстаюцца, ім вельмі зручна. Таму інклюзія — гэта пра кожнага і кожную з нас».

Перспектывы роўнасці ў Беларусі з улікам таталітарнай палітыкі і адсутнасці грамадскай свабоды
«Аўтарытарызм ці таталітарызм — не пра роўнасць. Яны пра правільную большасць і меншасць, якая не мусіць існаваць у прынцыпе. Яе не павінна быць. Гэта пра дыскрымінацыю і пра выключэнне людзей. Калі казаць пра працяг рэжыму ў такім фармаце, то там будзе вельмі мала роўнасці і, на жаль, з 2020-га і далей мы назіраем, што ўсё больш любая адрознасць успрымаецца як нешта варожае, тое, што варта забараніць. Таму з гэтым рэжымам перспектывы роўнасці сумныя».


Пры гэтым Марына адзначае, што праца з уразлівымі групамі працягнецца, але якой яна будзе, застаецца пытаннем.
«Адна справа, калі ты працуеш з групай і ўспрымаеш яе як паўнавартаснага суб’екта, ацэньваеш патрэбы гэтай групы, раішся з ёй: што для яе трэба зрабіць, чаго не трэба. Гэта пра інклюзію, пра роўныя адносіны, пра суб’ектнасць. Іншая справа, і так часта бывае ў аўтарытарных і таталітарных дзяржавах, не толькі з уразлівымі групамі, але і проста з насельніцтвам, калі людзі ўспрымаюцца як аб’ект, з якім трэба нешта зрабіць: працаўладкаваць, адукаваць, выдаць жыццёвы мінімум і іншае. І гэта ўжо не пра роўнасць і інклюзію. Таму, нават калі мы бачым працэс працы з уразлівай групай, гэта яшчэ не значыць, што гэты працэс інклюзіўны, што гэты працэс пра роўнасць».
Ёсць таксама складанасць у працы НДА з уразлівымі групамі на адлегласці.
«Усё, што мы можам — гэта інфармаванне, адукацыя, асвета шырокіх колаў насельніцтва, моладзі. У прыватнасці, наша арганізацыя працуе з моладдзю па пытанні прыняцця разнастайнасці, пра тое, што гэта окей, гэта класна, гэта патрэбна. Мы, людзі, не заўжды рады новаму. Новае часта можа ўспрымацца як штосьці агрэсіўнае, страшнае, але трэба спрабаваць. Практыка паказвае, што ўсё магчыма і нястрашна».


Марына Штрахава раіць звярнуць увагу на рэкамендацыі для арганізатараў і арганізатарак мерапрыемстваў, якія ініцыятыва «ІншыЯ» выпусціла сёлета.
«Інклюзіўнае мерапрыемства можа быць пра рознае — пра даступны асяродак ці пра пераклад на нейкую мову, на мову жэстаў. Гэта можа быць пра харчаванне, камунікацыю, магчымасць людзей быць публічнымі ці заставацца непублічнымі. Тыя ж прыбіральні! Гэта вельмі розныя аспекты. Такім чынам, можна зрабіць інклюзіўнае мерапрыемства для адных людзей, і гэта не значыць, што яно будзе інклюзіўным для іншых. Можна зрабіць інклюзіўную імпрэзу для людзей з парушэннямі зроку, але яна не будзе пры гэтым інклюзіўнай для людзей з абмежаваным слыхам ці без слыху».
Марына раіць кожны раз ставіць пытанні:

  • Што мы робім?
  • Для каго мы робім?
  • Навошта мы робім?
  • Якія патрэбы ў гэтых людзей?
  • І запытвацца ў саміх людзей: а што вам патрэбна на гэтым мерапрыемстве?

«Інклюзія — гэта нічога для нас без нас. Калі мы штосьці робім для нейкай групы, то не мы павінны поўнасцю прыдумаць і прадугледзець усё. Мы мусім запытаць у тым ліку ў самой групы: "А што вам патрэбна тут і зараз?"»