КДБ унёс у спіс асоб, датычных да «тэрарызму», яшчэ чатырох чалавек

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўнёс у «спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарызму», яшчэ чатырох чалавек. Гэта жыхары Мінска Аляксей Гамеза, Андрэй Будай, Аляксей Іванісаў і Аляксандр Мураўёў.

_kdb___khb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


Мінчукам Аляксею Гамезу, Андрэю Будаю, Аляксею Іванісаву і Аляксандру Мураўёву прад’яўлена абвінавачанне ва «ўчыненні акта тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча» (арт. 359 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
Па артыкуле аб здзяйсненні акта тэрарызму ім пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі (а калі было здзейснена забойства дзяржаўнага дзеяча, то ад 10 да 25 гадоў пазбаўлення волі, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне).
Акрамя гэтага, усіх чацвярых абвінавачваюць у «стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзеле ў ёй» (арт. 290-4 КК).
Аляксей Гамеза, Андрэй Будай, Аляксей Іванісаў дадаткова абвінавачваюцца ў «закліках да санкцый» (арт. 361 КК) і «распальваньні варожасці» (арт. 130 КК).
У спісе КДБ асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, ужо больш за два дзясяткі чалавек. Сярод іх — лідарка апазіцыі Святлана Ціханоўская, кіраўнік НАУ Павал Латушка, блогер Антон Матолька, былыя сілавікі Ігар Макар, Андрэй Астаповіч, Станіслаў Лупаносаў, Аляксандр Азараў, Уладзімір Жыгар, Мацвей Купрэйчык, Сяргей Курачкін, Міхаіл Куцко, Ігар Лобан, Сяргей Макар, Алег Талерчык, Святлана Хілько, Сяргей Чубукоў.
Цяпер за «спробы замаху на тэрарыстычны акт» будуць караць аж да смяротнага пакарання. Пры гэтым прысуджаць расстрэл будуць на закрытых судах.
Паводле РС