КДБ вярнуў канфіскаваную ў рэдакцыі «Ганцавіцкі час» і ў журналістаў тэхніку

Рэдакцыі і журналістам «Ганцавіцкага часу» ў Ганцавічах, Брэсце і Івацэвічах вярнулі камп'ютары і іншую апаратуру, канфіскаваную падчас ператрусаў летам.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота


Як паведамляе сайт выдання, у Ганцавічах вярнулі 7 сістэмных блокаў камп'ютараў і некалькі манітораў. За апаратурай прыйшлося ехаць у аддзел КДБ у Лунінцы.

«Усё было карэктна, па вопісе зверылі серыйныя нумары, падпісаў дакументы, што тэхніка вернутая ў належным стане. Якіх-небудзь тлумачэнняў аб выніках ператрусу не давалася», — распавёў рэдактар сайта «Ганцавіцкі час» Сяргей Багроў.

У гэты ж дзень у Брэсце супрацоўніку рэдакцыі Алегу Супрунюку вярнулі два ноўтбукі, планшэт і смартфон. А за тыдзень да гэтага ў Бярозаўскім аддзеле КДБ вярнулі ноўтбук і івацэвіцкаму журналісту, рэдактару сайта «Першы рэгіён» Паўлу Дайліду.

Уся гэтая апаратура была канфіскаваная падчас ператрусаў КДБ 9 ліпеня 2021 года. Ва ўсіх ператрусы праходзілі ў якасці сведак па крымінальнай справе «Акт тэрарызму».

«Мы давалі абавязальніцтва не выдаваць сутнасць. Але можам сказаць, што да гэтай справы не маем не тое што адносіны, але ўпершыню даведаліся пра нейкія тэлеграм-каналы, пра якія раней і не чулі, падчас ператрусаў», — сказаў Івацэвіцкі рэдактар сайта 1REG.BY Павел Дайлід.

За апошні год у рэдакцыі і ў асобных супрацоўнікаў прайшло ўжо больш за 15 ператрусаў. 9 ліпеня сілавікі прыходзілі да журналістаў не першы раз.

Першы такі «сюрпрыз» быў пад Новы год, 29 снежня 2020 года. Тады супрацоўнікі міліцыі праводзілі ператрус па санкцыі пракурора Драгічынскага раёна Васіля Дзяшко па справе Драгічынскага журналіста Сяргея Гардзіевіча, які абвінавачваўся ў абразе прэзідэнта ў вайбер-чаце.

У рэдакцыі тады нічога не забралі, але затым паехалі з ператрусам яшчэ да галоўнага рэдактара Пятра Гузаеўскага. У яго канфіскавалі ноўтбук. У красавіку вярнулі ноўтбук.

Тады ж ператрус правялі і ў спецыяліста па рэкламе «ГЧ», а пасля Новага года 3 у карэспандэнта ў Івацэвічах. Улетку быў шэраг ператрусаў і ў рэдакцыі, і ў Пятра Гузаеўскага ў кватэры.

5 кастрычніка 2021 года на правядзенне агляду ў рэдакцыі «ГЧ» і ў кватэры галоўнага рэдактара Пятра Гузаеўскага даў санкцыю намеснік пракурора Баранавіцкай міжраённай пракуратуры Андрэй Хвалько. На агляд у рэдакцыю «Ганцавіцкага часу» і ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі ДФР КДК.

З рэдакцыі, у галоўнага рэдактара, начальніка аддзела распаўсюджання забралі тэхніку і мабільныя тэлефоны. Пры гэтым не пакінулі ніякіх пацвярджальных дакументаў аб канфіскацыі, патлумачыўшы, што, маўляў, пры аглядзе нормамі КПК гэта не прадугледжана.

Праверку праводзіць старшы інспектар МА УДФР КДК маёр фінансавай міліцыі Куляшоў А. М. тэхніку пакуль не вярнулі.

«Падчас усіх гэтых ператрусаў я адразу заяўляў, што нічога супрацьзаконнага ў нас няма. І калі нам нічога не падкінулі, то нічога не знойдуць, — сказаў галоўрэд “ГЧ”. — Я спадзяюся, што чытачы разумеюць, што працаваць у такіх умовах, мякка кажучы, няпроста».

Ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі моцна ўскладнілі працу рэдакцыі. Летам газету давялося рабіць літаральна «на каленцы». Больш чатырох месяцаў журналістам даводзілася працаваць на часовай тэхніцы. Выданне выказвае асаблівую падзяку чытачам «ГЧ», якія падтрымлівалі і падтрымліваюць рэдакцыю ўвесь гэты час, прапаноўвалі дапамогу і сваю тэхніку наўзамен вынятай.