Кнігу Віктара Ляхара па ваеннай гісторыі прызналі экстрэмісцкай
Суд прызнаў экстрэмісцкай кнігу геральдыста Віктара Ляхара, які стварыў эмблемы для МЗС, АМАП і ГУБАЗіК

Суд Ленінскага раёна Гродна вынес рашэнне аб прызнанні кнігі «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры», якая выйшла ў сталічным выдавецтве «Харвест» у 2019 годзе, экстрэмісцкай. Яна ўключана ў адпаведны спіс, размешчаны на сайце Міністэрства інфармацыі, паведамляюць праваабаронцы.
Аўтар гэтай кнігі — Віктар Ляхар, вядомы беларускі геральдыст, член Міжнароднага саюза дызайнераў, які шмат гадоў уваходзіў у склад Геральдычнай рады пры прэзідэнце. Ён распрацаваў сімволіку для многіх дзяржорганаў, у тым ліку сілавых.
Так, менавіта яму належыць аўтарства эмблем большасці структур МУС, якія ён распрацаваў яшчэ ў нулявых гадах, у тым ліку эмблемы ДАІ, АМАП, ГУБАЗіК, Дэпартамента аховы.