Колькасць дзяцей у Беларусі няўхільна зніжаецца
1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей, заснаваны ў лістападзе 1949 года рашэннем сесіі Міжнароднай дэмакратычнай федэрацыі жанчын.
Колькасць дзяцей у Беларусі няўхільна зніжаецца: з 2000 года — на 630 тыс. чалавек. Згодна са звесткамі Белстата, на 1 студзеня 2014 года ў Беларусі пражывалі 1.761.000 дзяцей, або 18,6% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны (у 2013 годзе каля 20%). На пачатак 2000 года ў Беларусі пражывалі 2.391.900 дзяцей.
Такое прыкметнае скарачэнне колькасці дзяцей звязана з падзеннем нараджальнасці ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, зазначаюць у Белстаце.
У Беларусі зацверджаны Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і ахове іх правоў на 2012—2016 гады. Як сцвярджаюць у Мінадукацыі, у Беларусі сфарміраваны механізм
дзейснай абароны дзяцей ад неналежных умоў жыцця і выхавання. З 23.081 дзіцяці-сіраты або дзіцяці, якое засталося без папячэння бацькоў, 18.179 пражываюць у замяшчальных сем`ях (апякунскіх, прыёмных
і дзіцячых дамах сямейнага тыпу) і 4.902 дзіцяці — у дзіцячых інтэрнатных установах.
За апошнія тры гады ў Беларусі закрыты 12 дзіцячых інтэрнатных устаноў сістэмы Мінадукацыі. Уладкаванне зноў выяўленых дзяцей-сірот або дзяцей, якія засталіся без папячэння бацькоў, у інтэрнатныя ўстановы зменшылася з 50% у сярэдзіне 1990-х гадоў да 17% у 2013-м.
Паводле звестак МУС, дзеці становяцца пацярпелымі ў выніку крадзяжоў, карыслівых злачынстваў і махлярства. Сёлета ад злачынстваў у дачыненні да непаўналетніх пацярпелі больш як 2.000 дзяцей, з
якіх 1,8 тыс. у выніку ўхілення бацькоў ад абавязку па ўтрыманні дзяцей.
У сувязі з неабходнасцю фарміравання больш адказнага стаўлення бацькоў да выхавання дзяцей распрацаваны змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія ўводзяць адказнасць бацькоў за
знаходжанне іх дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы. Пра гэта паведаміла начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Беларусі
Дар`я Лебедзева на анлайн-канферэнцыі дзяржаўнага агенцтва БелТА 27 мая.
"Калі гэтая рэдакцыя будзе ўспрынята парламентам, у недалёкай будучыні мы атрымаем больш аптымальную норму бацькоўскай адказнасці", –– зазначыла
Лебедзева.
У сваю чаргу ЮНІСЕФ у Беларусі адзначае поспехі краіны ў аказанні медыцынскай дапамогі, якія прывялі да ўстойлівага зніжэння немаўляцкай і дзіцячай смяротнасці. Як паведаміла галоўны педыятр
Міністэрства аховы здароўя Валянціна Трухановіч на прэс-канферэнцыі 28 мая, паказчык немаўляцкай смяротнасці ў Беларусі адпавядае гэткаму ж у краінах Заходняй Еўропы. У 2013 годзе гэты паказчык склаў
3,4 на 1.000 жыванароджаных супраць 7,1 у 2005 годзе. Каэфіцыент смяротнасці дзяцей да пяці гадоў знізіўся ў параўнанні з 2005 годам на 50,5% — з 9,3 да 4,6 на 1.000 народжаных
жывымі.
Асноўнымі прычынамі смерці дзяцей з`яўляюцца няшчасныя выпадкі, траўмы і атручэнні. Ад знешніх прычын у 2013 годзе памерлі 25,3% (у 2012-м — 30%) дзяцей. У 2010 годзе ад знешніх прычын
загінулі 350 дзяцей, у 2011-м –– 243, у 2013-м –– 200.
Больш за ўсё ад траўм, атручэнняў і суіцыдаў гіне дзяцей 15—18 гадоў –– у 2013 годзе 65,3%, у 2012 годзе 67% памерлых дзяцей.
Для зніжэння дзіцячага траўматызму ў Беларусі ў 2013 годзе пачата рэалізацыя праграмы па яго прафілактыцы, разлічаная да 2015 года.
Алена Спасюк, БелаПАН