Куды «зьнікаюць» беларусы ў Расеі? Справа не ў дэмаграфіі, а ў палітыцы

Інфармацыя пра нацыянальны склад пры перапісе насельніцтва — гэта інфармацыя палітычнага характару. Таму яна з найбольшай верагоднасцю можа быць прадметам фальсыфікацый. Як у Расеі і Беларусі фальсыфікуюць інфармацыю пра этнічны склад насельніцтва, разважае ў блогу на «Св*бодзе» Алесь Чайчыц.

_dzeci___sport___aktyunasc___momant__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Аналізаваць лічбы сучаснай афіцыйнай расейскай статыстыкі, пагатоў у пытаньні пра нацыянальны склад, мае прыкладна такі ж сэнс, як аналізаваць афіцыйныя лічбы прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, разважаць на іх падставе пра трэнды падтрымкі Лукашэнкі ці пра электаральную геаграфію.

Чалавеку, які сочыць за падзеямі ў Беларусі на падставе ня толькі «вынікаў выбараў» ад ЦВК Беларусі, зразумела, што гэтыя лічбы ня маюць ніякага дачыненьня да настрояў у беларускім грамадзтве. Яны ня проста зьяўляюцца вынікам маніпуляцый і несумленна праведзенай выбарчай кампаніі, яны нават не зьяўляюцца вынікам падліку галасоў.

Гэтыя лічбы цалкам выдуманыя, і імі нельга апэраваць нават паводле прынцыпу «ну і што, што гэта фэйкавыя даныя — іншых няма, дык давайце карыстацца імі, нават пры ўсіх хібах». Аналізаваць іх можна толькі з пункту гледжаньня пасланьня, якое аўтарытарны рэжым хоча адрасаваць сьвету, публікуючы менавіта такія лічбы, а ня іншыя.

Тое ж самае з вынікамі перапісу насельніцтва ў аўтарытарнай Расеі зь яе традыцыямі «пацёмкінскіх вёсак» альбо засакрэчанага перапісу 1937 году, арганізатары якога былі рэпрэсаваныя за вынікі, што не спадабаліся Сталіну.


Перапіс падчас пандэміі

У інтэрнэце ёсьць маса яскравых назіраньняў таго, як адбываліся фальшаваньні ў 2021 годзе: і ад тых, каго перапісвалі, і ад тых, хто перапісваў (яшчэ, яшчэ і яшчэ ). Адметна, што відавочнай фальсыфікаванасьцю перапісу абураўся нават вядомы вялікадзяржаўнік і нацыяналістычны ідэоляг Сяргей Глазьеў.

Я ў 2021 годзе жыў у Маскве і магу гэтыя назіраньні пацьвердзіць. Ані я, ані мае знаёмыя ня бачылі перапісчыкаў. Агітацыі на вуліцах амаль не было. У той час у краіне яшчэ лютавала пандэмія. Я паўдзельнічаў у перапісе самастойна праз інтэрнэт, але гэта каштавала столькі часу і высілкаў, колькі на гэта не патраціў бы амаль ніхто. Перад тым у 2009 годзе я ўдзельнічаў у перапісе ў Брытаніі, дзе гэта было абавязковай справай і дзе перапісны аркуш кожны атрымаў па пошце — чамусьці мая ўпэўненасьць у выніках там нашмат большая.

Зразумела, усё гэта неструктураваныя побытавыя назіраньні, але на іх накладваецца досьвед і веданьне таго, як у Расеі працуе дзяржава і арганізуюцца інфармацыйныя працэсы.

Безумоўна, хто хоча, той няхай верыць і пуцінскаму перапісу, і заявам пуцінскіх афіцыйных асобаў (спрэс юрысты і дактары розных навук), і паведамленьням пуцінскай дзяржаўнай тэлевізіі (там таксама ўсе выпускнікі журфакаў). Але я там жыў, я ўсё гэта бачыў зь сярэдзіны і асабіста нічаму гэтаму не паверу ніколі.


Інфармацыя пра этнічны склад фальсыфікуецца першай

Інфармацыя пра нацыянальны склад пры перапісе насельніцтва — гэта інфармацыя палітычнага характару, бо яна будзе вызначаць намінальны лябісцкі патэнцыял як нацыянальных рэспублікаў, так і краінаў «бліжняга замежжа». Таму яна з найбольшай верагоднасьцю можа быць прадметам фальсыфікацый.

Колькасьць асобаў, якія пазначылі нацыянальнасьць, зьнізілася, паводле даных расейскага перапісу 2021 году, на 4,8% у параўнаньні з 2010-м.

На гэтым тле пуцінскія статыстыкі зьнізілі колькасьць беларусаў і ўкраінцаў больш як у два разы.

Татараў нібыта стала меней на 10%, чачэнцаў стала болей на 20%, якутаў і буратаў засталося амаль роўна столькі ж, а вугра-фінскія народы Паволжа скараціліся на 20-30 працэнтаў.

Цікава, што невытлумачальным чынам у выніках за 2021 год на 20% скарацілася колькасьць азэрбайджанцаў і ажно на 40% — колькасьць армянаў.

І ўявіце сабе: хоць колькасьць расейцаў і сапраўды зьнізілася, але іхная доля ў агульным насельніцтве (сярод тых, хто пазначыў нацыянальнасьць), захавалася роўна, з дакладнасьцю да дзясятай долі адсотка, такой жа самай, як была ў 2010 годзе — 80,9%. Якое дзіўнае статыстычнае супадзеньне, га?

Высновы з усяго гэтага павінныя хутчэй быць не дэмаграфічныя, а палітычныя. Умоўна кажучы, Крэмль не наважваецца стрымліваць чачэнцаў, але стрымлівае татараў. Працягвае зьнішчаць безабаронных эрзянаў, марыйцаў ды ўдмуртаў і імкнецца стрымліваць лябісцкі патэнцыял армянаў, чыя дыяспара ў Расеі, мабыць, на самой справе хутка будзе супастаўная з насельніцтвам Армэніі.

А беларусаў і ўкраінцаў як асобных ад расейцаў нацыянальнасьцяў, паводле паведамленьня, якое дасылае нам аўтарытарны Крэмль, у Расеі існаваць не павінна ўвогуле. Гэтаму шмат і іншых ускосных  (кансьпіралягічных, вядома ж) — сьведчаньняў, калі ў розных дзяжурных прамежкавых статыстычных анкетах людзям настойліва па змоўчаньні запісваюць нацыянальнасьць «расеец/расейка» — мае знаёмыя сутыкаліся з такім.


Дзе аўтарытарызм, там хлусьня

Безумоўна, сярод расейскіх беларусаў малая нараджальнасьць. Вядома, сярод іх ёсьць і аб’ектыўная тэндэнцыя да асыміляцыі. Хоць, як я пісаў, многія кансэрватыўныя пажылыя этнічныя беларусы не пасаромеюцца запісацца беларусамі, бо ў іхным разуменьні Беларусь — гэта «бацька» Лукашэнка, партызаны, Брэсцкая крэпасьць і ўвесь набор прывабных для савецкага чалавека штампаў. Але які гэта мае маштаб? І ў якой ступені гэта кампэнсуецца вялікім міграцыйным прытокам зь Беларусі? Ні на адно пытаньне гэты перапіс нам ня можа даць адказу. Бо перапісу фактычна не было.

Ці не займаўся Лукашэнка тым жа самым на сваіх перапісах? Цалкам магчыма, бо лічба этнічных расейцаў — такі ж самы рычаг для маніпуляваньня ім у руках Расеі.

Але паводле лукашэнкаўскіх перапісаў, колькасьць расейцаў у Беларусі з 2009 па 2019 гады зьнізілася на 10%, у той час як колькасьць беларусаў у РФ, паводле пуцінскіх перапісаў, з 2010 па 2021 год зьнізілася ўдвая, нягледзячы на яўнае міграцыйнае сальда на карысьць Расеі. Розьніца ёсьць.

Дзе аўтарытарызм, там хлусьня. «Хлусьня, вялікая хлусьня і статыстыка». Бо дыктатар імкнецца падпарадкаваць сабе ня толькі людзей, але і лічбы, і ўсю рэчаіснасьць. І ахвярай гэтай паўсюднай хлусьні робіцца і сам дыктатар: ёсьць вельмі пераканаўчыя вэрсіі, што нават сваю вайну супраць Украіны Пуцін пачаў, грунтуючыся на хібных зьвестках аб стане расейскай арміі і грамадзкіх настроях ва Ўкраіне, якія яму даносілі хлусьлівыя чыноўнікі.

Пакуль у Беларусі і Расеі ня будзе празрыстай парлямэнцкай дэмакратыі, дзе ніхто ня меў бы манаполіі на ўладу і на інфармацыю, а палітычная сыстэма вызначалася б цывілізаванай канкурэнцыяй розных палітычных сілаў, любыя зьвесткі зь дзяржаўных крыніц трэба ўспрымаць крытычна, у першую чаргу — як сродак маніпуляцыі. Не іначай.