«Лаву Клінтана» забралі на рэстаўрацыю
9 лютага актывісты КХП-БНФ, якія шмат гадоў апякуюцца Курапатамі, вывезлі абломкі «лавы Клінтана» з тэрыторыі народнага мэмарыяла, паведамляе Радыё Свабода.
«Вывезлі для далейшай рэстаўрацыі — гэта магчыма. Пасля аднаўлення лава будзе ўсталяваная на былым месцы, для яе захоўвання будуць прынятыя захады бяспекі. А вандалаў мы папярэджваем, што нашае цярпенне скончылася», — паведаміў кіраўнік дырэкцыі народнага мемарыяла Курапаты Алесь Чахольскі.
Чытайце таксама: Лаву Клінтана ў Курапатах зноў разбурылі
Паводле Алеся Чахольскага, вечарам 8 лютага і наступнай ноччу абаронцамі Курапат было арганізавана дзяжурства ў Курапатах. У выніку быў заўважаны чалавек, які, як мяркуюць актывісты, можа быць датычным да разбурэння «лавы Клінтана». Прыкметы гэтага чалавека, а таксама нумар аўтамабіля, на якім ён прыехаў у Курапаты, актывісты перададуць следчым, якія расследуюць справу аб разбурэнні «лавы Клінтана».
Чытайце таксама: Абаронцы Курапатаў вылічылі вандала
Абаронцы Курапат Алесь Чахольскі, Дзяніс Урбановіч і Ганна Шапуцька 9 лютага склікалі журналістаў на прэсавую канфэрэнцыю ў Курапаты. Яшчэ адна, акрамя падзей вакол «лавы Клінтана», нагода для размовы з прэсай — пікетаванне рэстарацыі «Поедем поедім» усталявала своесаблівы рэкорд працягласці акцый па абароне Курапат.
Ганна Шапуцька параўнала два пікетаванні — цяперашняе пікетаванне рэстарацыі «Поедем поедим», якое пачалося 1 чэрвеня мінулага году, і пікетаванне ў 2002-2003 гадах.
«Сёння 255-ы дзень пікетавання. Гэта ўжо на 5 дзён больш, чым тады, калі Курапатам пагражала будаўніцтва кальцавой аўтадарогі. Магчыма, тады ўмовы былі больш жорсткія, пікетоўцы мусілі начаваць у Курапатах у намёце, ім пагражаў АМАП, але і цяпер нам не менш складана. Узяць хаця б тое, што даводзілася пікетаваць у маразы пад мінус 15 градусаў, што за гэтыя дні на нас склалі ўжо пад сотню пратаколаў, а сумы штрафаў на кожнага з нас перавалілі за тысячу рублёў, але акцыя працягваецца».
9 лютага рэстарацыю «Поедем поедим» пікетавалі больш за 10 актывістаў розных апазыцыйных партый і арганізацый. Пікетоўцы дамагаюцца закрыцця рэстарацыі, якая, на іх думку, пабудавана з парушэннем закону. Таксама актывісты лічаць, што дзейнасць побач з Курапатамі забаўляльнай установы супярэчыць прынятым у беларускім грамадстве нормам маралі.