Марафон салідарнасці з палітвязнямі: вынікі
Праз паўтары гадзіны завершыцца збор сродкаў на дапамогу палітвязням і іх сем'ям, але першыя вынікі ўжо відавочныя: усё атрымалася. І нават больш!
За дзве гадзіны да канца марафона салідарнасці беларусы і беларускі з усяго свету сабралі 550 тысяч еўра на дапамогу палітвязням і іх сем'ям. Ужо вядомыя першыя лічбы статыстыкі.
Паводле інфармацыі ініцыятывы прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях Аб'яднанага пераходнага кабінета і арганізатаркі марафона Вольгі Гарбуновай @klopat_by, па стане на 17:00 як мінімум 9172 беларусы зрабілі 11 447 ахвяраванняў.
Топ-10 данатаў выглядае так:
- 10 000 еўра
- 3 000 еўра
- 3 000 еўра
- 2334,02 еўра
- 2334 еўра
- 2334 еўра
- 2 000 еўра
- 1741 еўра
- 1500 еўра
- 1500 еўра
Сабраныя грошы, апрача камісіі банкаў, пойдуць у 13 фондаў, ініцыятыў і арганізацый, якія падтрымліваюць палітзняволеных і іх сем’і. Як паведаміла Вольга Гарбунова, практычна ўсе фонды і ініцыятывы выйшлі на сувязь і ўсе арганізацыі, якія выступілі ў ініцыятыве, на якіх будуць размеркаваныя сродкі, падалі інфармацыю апошніх некалькіх месяцаў пра іх не закрытыя патрэбы: колькім сем'ям яны не змаглі аказаць дапамогу, колькі персанальных збораў сышло ў архіў, не закрыўшыся.
Зараз каманда Вольгі акумулявала гэтую інфармацыю, і ў іх ёсць пэўныя прапорцыі — паколькі ў кожнай з ініцыятыў і фондаў розная прапускная здольнасць. Таму ў пэўных прапорцыях, якія ўстановіць наглядальная рада, будуць размеркаваны сродкі, сабраныя ў межах гэтага збору.
Усе сабраныя грошы зараз застаюцца на рахунках плацёжных сістэм PayPal і Stripe і на крыптакашальках. Дакладная камісія плацёжных сістэм будзе разлічаная пасля завяршэння збору сродкаў і, верагодна, складзе ад 3 да 5 адсоткаў сумы.
Каманда арганізатараў марафона патраціла на марафон нуль еўра, а ўсе медыя, студыі, фонды, арганізацыі, каманда ініцыятывы klopat_by працавалі бясплатна. Фонд 21 траўня таксама не пакіне сабе ні цэнта з сабраных грошай, усе 100% сродкаў пойдуць на дапамогу палітзняволеным і іх сем'ям. Аплата арэнды, заробкаў супрацоўнікаў і іншыя адміністратыўныя аплаты ў рамках гэтага марафона таксама пакрывацца не будуць. Гэта праверыць спецыяльна створаная наглядальная рада, у якую ўвойдуць арганізатарка марафона Вольга Гарбунова і прадстаўнікі медыя, якія праводзілі марафон. На дадзены момант свой удзел у радзе пацвердзілі: «Белсат», «Еўрарадыё», «Зеркало» і «Маланка».
Праз тыдзень грошы будуць пераведзеныя з плацёжных сістэм, і тады наглядальная рада на працягу тыдня вырашыць, каму і ў якіх прапорцыях іх перадаць. Чакаецца, што ўвесь працэс размеркавання, перадачы і засваення сродкаў зойме каля двух месяцаў. Прыкладна ў лістападзе наглядальная рада павінна будзе адсправаздачыцца па выніках марафона.