Марына Лобава: Прыйшлі халады, а турэмная вопратка сына — летняя
Меней за тры месяцы засталося знаходзіцца ў івацэвіцкай калоніі палітвязню Эдуарду Лобаву, якога асудзілі на 4 гады зняволення нібыта за бойку з мінакамі. Інцыдэнт адбыўся за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года.
Маладафронтавец Эдуард Лобаў, як і ягоны сябар Зміцер Дашкевіч, які таксама быў асуджаны па гэтым эпізодзе, лічаць, што гэта была правакацыя спецслужбаў. Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю амаль год таму, Эдуард Лобаў даседжвае свой тэрмін. Маці палітвязня Марына Лобава непакоіцца за астатнія месяцы адседкі сына: каб не было правакацый, якія б затрымалі вызваленне сына, і каб не прастыў у гэты халодны час.
«Сапраўды хвалююся за яго з прычыны, што гэтак рэзка пахаладала. Ён пісаў, што кожная зіма яму ўсё цяжэй даецца. А тут жа пакуль ацяплення няма, і не хутка там, у калоніі яго, уключаць. Як бы не захварэў, не прастыў. Гэтым годам яму нічога з цёплых рэчаў не дасылала, бо хутка ж яму выходзіць. Раней дасылала цёплыя рэчы. Тое цёплае адзенне яны на лета здаюць, і вось не ведаю, выдалі ўжо ім гэтае ўцяпленне ці не выдалі. Хутчэй за ўсё, не, бо звычайна цёплае выдаецца, як і ў войску пераходзяць на зімовую форму адзення. Вельмі непакоюся пра гэта».
У лістападзе Марына Лобава разлічвае ўбачыць сына падчас кароткатэрміновага спаткання і распытаць пра прычыны доўгага маўчання. Паводле жанчыны, ужо месяц ад сына няма лістоў і тэлефонных званкоў.