«Месячны план ужо сарваны»

Што адбываецца на «Беларуськаліі» праз тыдзень пасля пачатку страйку распавядае svaboda.org.

Каля «Беларуськалію», 17 жніўня 2020

Каля «Беларуськалію», 17 жніўня 2020


Некалькі чалавек ужо адмовіліся ад удзелу ў агульным страйкаме пасля размоваў з праваахоўнікамі.

Пачатак страйку і патрабаванні

Упершыню пра намер распачаць забастоўку супрацоўнікі «Беларуськалію» паведамілі праз некалькі дзён пасля выбараў — у пятніцу 14 жніўня. 17-га пачалі ствараць страйкамы на рудаўпраўленнях, праз дзень стварылі агульны страйкам на «Беларуськаліі». Паводле паведамленняў ад шахтароў, усе шэсць руднікоў прадпрыемства ў нейкі момант спынілі падачу руды на паверхню, абсталяванне працавала з мінімальна магчымай магутнасцю. Гэта рабілася для таго, каб не сапсаваць яго і захаваць магчымасць аднавіць працу пасля выканання патрабаванняў. Іх было і застаецца шэсць:
1. Прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі.2. Прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і Лідзію Ярмошыну да адказнасці.3. Вызваліць усіх палітзняволеных і ўдзельнікаў пратэстаў.4. Не дапусціць пакарання ўдзельнікаў страйку.5. Каб на перыяд страйку банкі не патрабавалі з удзельнікаў працэнтаў па крэдытах.6. Захаваць дзеянне калектыўнай працоўнай дамовы з усімі ўдзельнікамі страйку.

Пазіцыя кіраўніцтва і ціск на рабочых

Гендырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты ад пачатку не падтрымаў дзеянняў сваіх падначаленых. У дзень фармавання страйкамаў на рудніках яго можна было бачыць на месцах, аднак ні да шахтароў, ні да журналістаў Галаваты пагаварыць не падыходзіў. Ягоны службовы аўтамабіль заязджаў на тэрыторыю руднікоў праз унутраны праезд.
18 жніўня ўдзельнікі страйку пачалі заяўляць пра ціск. Шахтараў, якія падпісаліся пад заявай аб стварэнні страйкаму, сталі выклікаць на асабістыя размовы з кіраўніцтвам і папярэджваць аб незаконнасці забастоўкі і магчымых наступствах, уключна са звальненнем.
Паводле беларускага заканадаўства, супрацоўнікі прадпрыемстваў маюць права на забастоўку, аднак яна мусіць быць адпаведным чынам аформленая, а яе патрабаванні павінны датычыцца непасрэдна ўмоваў працы. У адказ на адкрытым сходзе на цэнтральнай плошчы Салігорску страйкам заявіў, што апошнія падзеі ў краіне і афіцыйныя вынікі выбараў перашкаджаюць шахтарам нармальна працаваць і не дазваляюць сканцэнтравацца на сваіх абавязках.

Колькі шахтароў далучыліся да страйку і працягваюць у ім удзельнічаць?

Запіс у лік удзельнікаў страйкамаў пачаўся 18 жніўня. Паводле арганізатараў забастоўкі, за першы дзень на кожным з шасці рудаўпраўлення «Беларуськалію» да забастоўкі далучыліся каля 1000 чалавек. Агулам на прадпрыемстве прыкладна 20 тысяч супрацоўнікаў, аднак у гэтую лічбу ўваходзяць таксама офісныя і абслуговыя работнікі. Шахтары складаюць прыкладна чвэрць ад усіх рабочых прадпрыемства.
Пасля ціску з боку кіраўніцтва і першых затрыманняў колькасць страйкоўцаў паступова зніжалася. 19 жніўня на мітынгу ў цэнтры Салігорску прэс-сакратар агульнага страйкаму «Беларуськалію» Глеб Сандрас паведаміў Свабодзе, што ў забастоўцы працягваюць удзельнічаць каля 4 тысяч шахтароў. Праз тыдзень пасля пачатку страйку актыўны ўдзел у страйку і сходах на цэнтральнай плошчы гораду ўдзельнічалі ад некалькіх тысяч да некалькіх соцень чалавек. Па словах саміх шахтароў, частка з тых, хто вярнуўся ў шахты, працягвае баставаць «па-італьянску». Людзі знаходзяцца на сваіх працоўных месцах, але працуюць марудна і неэфектыўна.

Затрыманні

Раніцай 20 жніўня стала вядома пра знікненне аднаго з арганізатараў страйку Дзмітрыя Кудзялевіча. Ён удзельнічаў у стварэнні страйкаму ад самага пачатку яго працы 17 жніўня, вёў перамовы з кіраўніцтвам ад імя шахтароў. Кудзялевіч змог паведаміць, што ягоны аўтамабіль атачылі невядомыя, пасля чаго тэлефон перастаў адказваць.
На сувязь з жонкай Дзмітры Кудзялевіч выйшаў позна ўвечары. На наступны дзень ён расказаў, што быў затрыманы супрацоўнікамі міжраённага аддзелу КДБ у Салігорску. Яго адвезлі ў будынак Камітэта дзяржбяспекі, адкуль Кудзялевіч, паводле яго, змог уцячы праз фортку прыбіральні. Праз некалькі гадзін ён ужо быў ва Украіне, дзе знаходзіцца і цяпер.
Праз некалькі дзён затрымалі сябра страйкаму Паўла Сячко. Ён паспеў паведаміць, што «з ім размаўляюць». Неўзабаве Сячко вярнуўся дадому, аднак заявіў, што «адыходзіць ад справаў».
Былі затрыманыя таксама ўдзельнікі страйкаму Алеся і Уладзімір Логінавы. Іх знайшлі ў Салігорскім РАУС праз некалькі гадзін. Што з актывістамі цяпер, не ведаюць нават у страйкаме. Логінавы выходзяць на сувязь перыядычна, актыўнага ўдзелу ў працы страйкаму не бяруць.
24 жніўня затрымалі сустаршыню агульнага страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна. Некалькі гадзін было невядома, дзе ён знаходзіцца. Пасля заявы страйкаму аб намеры сабраць сход шахтароў ля будынку РАУС Бокун знайшоўся ў судзе. Вечарам таго ж дня яго асудзілі «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» і далі штраф 675 рублёў.

Што будзе далей?

Па стане на 25 жніўня штодзённыя ранішнія сходы шахтароў на цэнтральнай плошчы Салігорску спыніліся. Рэгулярна працягвае збірацца толькі страйкам. Як расказаў Свабодзе прэс-сакратар агульнага страйкаму Глеб Сандрас, прадпрыемства не працуе на поўную магутнасць. Моцна абмежаванай застаецца праца 1-га і 2-га рудаўпраўленняў.
«План вытворчасці за месяц ужо сарваны, — гаворыць Глеб Сандрас. — У нас есць лічбы па кожным з рудаўпраўленняў. Можна дакладна сказаць, што месячны план не будзе выкананы. Магчыма, на 60-70% толькі. Рэальныя лічбы адрозніваюцца ад тых, пра якія гаворыць кіраўніцтва».