Мігранты паспрабавалі сілай прарвацца ў Польшчу. Двое памежнікаў траўмаваныя
Польская памежная ахова заявіла пра спробу сілавога прарыву мігрантаў праз мяжу. Інцыдэнт адбыўся ўвечары 24 кастрычніка ў паўкіламетры ад населенага пункта Уснаж-Гурны, піша reform.by.
Паводле інфармацыі польскага боку, каля 60 чалавек спрабавалі прарвацца. Яны выкарыстоўвалі палкі і кідалі камяні ў афіцэраў памежнай службы і салдат, якія былі накіраваныя ім у дапамогу. Адзін вайсковец атрымаў раненне каменем у твар, а другі — галінкай. Іх даставілі для аказання дапамогі ў бальніцу ў Беластоку. Пасля аказання дапамогі вайскоўцы пакінулі шпіталь.
Таксама лёгкія траўмы атрымалі памежнікі. Меддапамога ім не патрабавалася.
Прарыў быў папярэджаны. У паведамленні польскага боку сцвярджаецца, што мігранты атрымлівалі садзейнічанне ад беларускага боку. Гаворка ідзе пра асоб у цывільным адзенні.
Аналагічны выпадак адбыўся ў суботу. Тады спрабавалі прарвацца 70 агрэсіўна настроеных людзей.
Памежная ахова Польшчы апублікавала невялікі відэаролік з нарэзкай эпізодаў супрацьстаяння на мяжы.