Польскія памежнікі спынілі 508 спроб нелегальнага пераходу мяжы, літоўскія — 67

Паток мігрантаў, якія хочуць нелегальна перасекчы межы Польшчы і Літвы з беларускага боку, не спыняецца, піша Радыё Свабода.

twitter.com/Straz_Graniczna

twitter.com/Straz_Graniczna

Літоўскія памежнікі за нядзелю затрымалі на беларускай мяжы 67 мігрантаў, паведамляе Delfi.lt.
Польская памежная служба паведамляе, што за нядзелю 24 кастрычніка памежнікі затрымалі 19 мігрантаў, якія спрабавалі перасекчы мяжу па-за пунктамі пропуску, у тым ліку 13 з Сірыі, пяць з Іраку і адзін з Палестыны.
За садзейнічанне мігрантам у перасячэнні мяжы затрымалі чатыры чалавекі: два іракца, адзін грамадзянін Нідэрландаў і адзін — грамадзянін Германіі ірацкага паходжання.

Акрамя таго ў нядзелю паліцыя Падляшскага ваяводства затрымала 7 мужчын, якія перавозілі мігрантаў. Сярод іх грамадзяне Нямеччыны, Польшчы і Украіны, разам з якімі таксама затрымалі 58 мігрантаў.


Трэці польскі гуманітарны канвой

Стала вядома, што Польшча адправіла на мяжу з Беларуссю чарговую гуманітарную дапамогу для мігрантаў, якія захраслі на мяжы. Яна ўключае, сярод іншага, сродкі індывідуальнай абароны, а таксама коўдры, палаткі і абагравальнікі, паведамляе polskieradio.pl са спасылкай на кіраўніка Дзяржаўнага агенцтва стратэгічных запасаў Міхала Кучмяроўскага.
На гэты момант калона з польскай гуманітарнай дапамогай для мігрантаў на мяжы з Беларуссю чакае пропуску на памежным пераходзе ў Баброўніках.
«Мы спадзяемся, што на гэты раз яе прапусцяць», — сказаў Міхал Кучмяроўскі.
Гэта ўжо трэцяя спроба Польшчы адправіць у Беларусь гуманітарны канвой. Дзве папярэднія спробы не ўвянчаліся поспехам — беларускі бок транспарт не прапусціў.