Гісторык Аляксандр Фрыдман: «Мігранты могуць стаць для Лукашэнкі бумерангам»

Праблема Лукашэнкі ў тым, што ён увогуле з міграцыйнага крызісу выйграць не можа. Яго мэта была, напэўна, каб праз крызіс дабіцца змякчэння санкцый ці ўвогуле сесці за стол перамоваў з еўрапейцамі. Але ніхто з ім не збіраецца садзіцца за стол, — упэўнены гісторык Аляксандр Фрыдман. У эфіры Еўрарадыё эксперт разважае, чаму Еўропа не прымае мігрантаў з беларуска-польскага памежжа і як сітуацыя з мігрантамі ўплывае на ўнутраныя стасункі паміж краінамі Еўрасаюза.

Мігранты на мяжы, АР 

Мігранты на мяжы, АР 

Справа прынцыпу

Калі Германія возьме на сябе ўсіх мігрантаў, якія сёння знаходзяцца ў беларуска-польскім ці беларуска-літоўскім памежжы, то гэта сапраўды невялікая колькасць, асабліва ў параўнанні з 2015 годам.
Але тут ідзе справа прынцыпу. Бо, па-першае, сённяшні крызіс штучна зроблены. Па-другое, ЕС дакладна ведае, што з беларускім кіраўніцтвам па гэтым пытанні дамовіцца немагчыма. Яно не ўспрымаецца як партнёр для перамоваў. Лукашэнка імкнецца гэты крызіс выкарыстаць, каб дасягнуць сваіх мэтаў.
Гуманітарны чыннік гэтай праблемы беларускае кіраўніцтва ўвогуле не цікавіць. Для ЕС гатоўнасць браць дадатковую колькасць уцекачоў не прысутнічае. Насельніцтва, асабліва ва Усходняй і Паўднёвай Еўропе, ставіцца да прытоку ўцекачоў вельмі скептычна.

Аляксандр Фрыдман, фота з архіва героя публікацыі

Аляксандр Фрыдман, фота з архіва героя публікацыі


Што да Лукашэнкі, то калі мігранты будуць прынятыя ЕС, гэта яго не супакоіць. Потым будуць дзясяткі тысяч, а ўвогуле магчымасці вялікія. Тое, што мы ведаем, мігранцкі бізнес досыць прыбытковы.

Крытыка на адрас Польшчы

Тое, што адбываецца на польскай мяжы, гэта фактычна гуманітарная катастрофа. Тэлевізійныя сюжэты, артыкулы наносяць моцны ўдар па прэстыжы польскай дзяржавы. Імідж Польшчы ў старых краінах ЕС не самы лепшы, і цяпер яе крытыкуюць за тую палітыку, якую яна праводзіць. Тое, што Польшча імкнецца накіроўваць мігрантаў у Беларусь да Лукашэнкі.
Але ў Еўропе і аналітыкам, і палітыкам зразумела, адкуль гэта гісторыя паходзіць і хто імкнецца дэстабілізаваць Еўропу такім шляхам.

Кантроль на мяжы Польшчы і Германіі

Тое, што паліцыя выступае за ўвядзенне кантролю, зразумела. Калі ў краіну прыязджаюць тысячы мігрантаў нелегальна — гэта зусім не тое, што жадае бачыць паліцыя. Таксама яны імкнуцца выкарыстаць зручны момант, пакуль яшчэ хрысціянскія дэмакраты ва ўладзе.
Калі браць погляд “зялёных”, то ім такія мерапрыемствы не падабаюцца. Але яны паводзяць сябе досыць стрымана, бо для іх пытанне мігрантаў цяжкае. З аднаго боку, яны заўсёды выступалі за тое, каб Германія прымала ўцекачоў, давала шанец атрымаць прытулак. А з іншага боку, “зялёныя” ведаюць, што гэты кірунак іх палітыкі ў насельніцтва сёння непапулярны.
Калі чытаеш прэсу, ідзе крытыка Польшчы з гуманітарнага пункту гледжання. Але таксама і больш жорсткая крытыка Лукашэнкі. Яны дакладна ведаюць, што гэта не палякі выклікалі гэты крызіс.

Могуць стаць бумерангам для Лукашэнкі

Міністр унутраных спраў Германіі Хорст Зеехофэр — палітык кансерватыўны, які прытрымліваецца досыць жорсткага курсу. Тое, што ён можа пайсці на кантроль на межах, — гэта цалкам магчыма.
Калі сапраўды кантроль будзе, то мігрантаў будуць накіроўваць у Польшчу, а гэта значыць, што Польшча будзе іх накіроўваць у Беларусь. Лукашэнка ад гэтага не выйграе. Праблема яго ў тым, што ён увогуле з гэтага крызісу выйграць не можа.
Яго мэта была, напэўна, каб праз гэты крызіс дабіцца змякчэння санкцый ці ўвогуле сесці за стол перамоваў з еўрапейцамі. Але ніхто з ім не збіраецца садзіцца за стол. Гэта нават не разглядаецца.
Мігранты могуць стаць для Лукашэнкі бумерангам. Калі кантроль застанецца такім жа жорсткім і накіроўваць мігрантаў працягнуць, то ў выніку ўсе мігранты могуць асесці менавіта на тэрыторыі Беларусі. Што Лукашэнка з імі будзе рабіць?
Урады ў Багдадзе, у Каіры забіраюць сваіх людзей, калі просіць ЕС. ЕС за гэта плоціць. А што можа прапанаваць Лукашэнка?