Мікалаю Статкевічу на Дзень народзінаў перадалі толькі дзесяць віншаванняў

Амаль два месяцы працягваецца закрыты суд у гомельскай турме над блогерамі Ігарам Лосікам, Сяргеем Ціханоўскім, Уладзімірам Цыгановічам, аператарам Арцёмам Сакавым, мадэратарам сацыяльных сетак Дзмітрыем Паповым і палітыкам Міколам Статкевічам. «Свабода» распавядае апошнюю інфармацыю пра вязняў.

38647252_303_logo_1_1.jpg


Мікола Статкевіч 12 жніўня адзначыў у турме Дзень нараджэння. Яму споўнілася 65 гадоў. Сяргей Ціханоўскі 18 жніўня адзначыў у СІЗА 43 гады. Арцёму Сакаву 25 жніўня споўніцца 27 гадоў. Усе трое ўжо другі Дзень нараджэння сустракаюць у турме.
Мінулы Дзень нараджэння Сяргей Ціханоўскі сустрэў у аўтазаку. 18 жніўня 2020 года тысячы людзей прыйшлі пад турму на Валадарскага, каб павіншаваць блогера. Тады яго тэрмінова перавялі ў жодзінскую турму. Пазней у лістах Сяргей зазначаў, што ў Жодзіна ехаў у адным аўтазаку з Ігарам Лосікам.
Адвакатка палітвязня Наталля Мацкевіч напісала ў Твітары:
«Сяргей Ціханоўскі перадае вялікі дзякуй усім, хто так шчыра і крэатыўна павіншаваў яго з Днём нараджэння! Быў вельмі рады даведацца аб тым, як шмат знаёмых і незнаёмых людзей гавораць пра яго, памятаюць і падтрымліваюць яго. Сказаў: "I’ll come back. Я абавязкова вярнуся!"»
Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, даведалася, што яе мужу перадалі на Дзень нараджэння толькі дзесяць віншаванняў.
«Відаць, спецаперацыя па інфармацыйнай блакадзе працягваецца. Бо я асабіста ведаю нашмат больш людзей, якія віншавалі Міколу. Ён па-ранейшаму не ўдзельнічае ў судовым працэсе. Але валодае пэўнай інфармацыяй, што суд яшчэ будзе доўга. Мікола мяркуе, што, можа, нават да лістапада зацягнецца. Ведаю, што не ўсе мае лісты да яго, і яго — да мяне даходзяць. Што яны там за крамолу знаходзяць, што за страшэнную таямніцу Мікола можа перадаць у лістах, калі ён нават не бывае на судзе — не ведаю», — кажа Марына Адамовіч.
Палітык у сваіх лістах не абмінае тэмы грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Ён так напісаў пра санкцыі:
«Калі дэманстратыўна, груба і масава парушаць правілы цывілізаванага свету, то самае меншае, што можа зрабіць свет, — адмовіцца аб любых кантактаў. Я не лічу гэта санкцыямі, — хутчэй, рэалізацыяй біблейскага запавету: пазбягай злога».
Дарʼя Лосік, жонка вядомага блогера Ігара Лосіка, штодзень ад аўторка да пятніцы праводзіць час пад гомельскім СІЗА. Разам з ёй дзяжураць «ціхары». Але Дарʼю яны не чапаюць, толькі вітаюцца час ад часу. Ігар у лістах піша, што суд будзе ісці яшчэ доўга. Ён заўважае, што на працэсе няма нават 1% законнасці ці доказаў яго віны.
«Сёння мне ўдалося забраць рэчы Ігара са склада гомельскага СІЗА. Гэта стосы газет і часопісаў, якія яму не аддалі яшчэ ў Жодзіне — „Прессбол“, „Наш край“, „Наша гісторыя“, „Белорусы и рынок“, „Мінская праўда“. Таксама мне вярнулі крыжаванкі, загадкі — тое, што яму дасылалі людзі, але ён не атрымаў. Чаму яму не перадалі газеты, крыжаванкі — не ведаю, ніхто не будзе тлумачыць. Забрала і гадзіннік, з якога Ігар дастаў металічную запчастку і рэзаў сабе вены ў Жодзіне», — распавяла Дарʼя Лосік.
Маці Арцёма Сакава нагадвае, што яе сын чарговы Дзень нараджэння сустракае ў турме. Ён піша маці, на здароўе не скардзіцца, але пра суд нічога не можа напісаць. Калі вы хочаце падтрымаць Арцёма, яму можна напісаць і павіншаваць з 27-м днём нараджэння.
Адрас усіх фігурантаў справы — 246003 г. Гомель, вул. Кніжная, 1а, СІЗА № 3.