Мінчукоў пазнаёмяць з творчай спадчынай Зоські Верас

Прэзентацыя зборнікаў Зоські Верас “Выбраныя творы” і “Пакуль рука пяро трымае” пройдзе 16 снежня ў 17.00 у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.



afisza_wieras.jpg

У апошнія месяцы гэтага года ў выдавецтвах “Беларуская навука” і “Лімарыус” пабачылі свет два выданні творчай спадчыны вядомай беларускай мемуарысткі, асветніцы, працаўніцы на ніве беларускага адраджэння Зоські  Верас ( сапр. Людвіка-Зоф’я Сівіцкая, па мужу Войцік): “Пакуль рука пяро трымае” ў серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка” (укладальнік Міхась Скобла) і “Зоська Верас. Выбраныя творы” ў серыі “Беларускі кнігазбор” (укладальнік Ганна Запартыка).

Зборнікі знаёмяць чытача з літаратурнай, мемуарнай, эпісталярнай спадчынай беларускай пісьменніцы і грамадска-культурнай дзяячкі. Зборнік “Выбраныя творы” — на сёння самае поўнае выданне твораў Зоські Верас, у якое ўвайшлі вершы, апавяданні, артыкулы, успаміны, лісты, а таксама Беларуска-польска-расійска-лацінскі батанічны слоўнік. Зборнік “Пакуль рука пяро трымае” ўзбагачае “Беларускую мемуарную бібліятэку” новай арыгінальнай кнігай.

На прэзентацыі мяркуюцца выступленні: Ганны Запартыкі, Міхася Скоблы, Сяргея Панізніка, Уладзіміра Ягоўдзіка, Кастуся Цвіркі, Анатоля Сідарэвіча, Георгія Кісялёва.