Мінэнерга Беларусі запрасіла пасла Літвы наведаць пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС

Міністэрства энергетыкі Беларусі падрабязна праінфармавала пасла Літвы Эвалдаса Ігнатавічуса аб выкананні ўсіх тэхнічных нормаў і рэгламентаў пры будаўніцтве Беларускай АЭС. Гэтыя звесткі літоўскі дыпламат атрымаў 6 мая на сустрэчы з намеснікам міністра энергетыкі Вадзімам Закрэўскім, паведамілі ў прэс-службе Мінэнерга.

1016564222.jpg


Кіраўніку літоўскай дыпмісіі дэталёва растлумачылі сутнасць інцыдэнту, што здарыўся 8 красавіка «пры правядзенні падрыхтоўчых работ на адным з бытавых і падсобных памяшканняў». Намеснік міністра энергетыкі Закрэўскі запэўніў суразмоўца, што ўсе наступствы выяўленага дэфекта ліквідаваныя «ў поўнай адпаведнасці з дзейнымі пры будаўніцтве рэгламентамі і тэхналогіяй».
Закрэўскі заявіў, што «для беларускага боку строгае выкананне патрабаванняў бяспекі пры ўзвядзенні аб`ектаў атамнай электрастанцыі з`яўляецца безумоўным прыярытэтам». Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь «выступае катэгарычна супраць палітычных спекуляцый на тэму АЭС і гатовая да адкрытага абмеркавання ўсіх пытанняў, якія цікавяць літоўскі бок, адносна праекта Беларускай АЭС як у двухбаковым фармаце, так і на пляцоўках міжнародных арганізацый».
Чыноўнік адзначыў, што вынікі стрэс-тэстаў будаўніцтва АЭС, якія будуць праведзеныя да канца гэтага года, будуць «адданыя галоснасці і накіраваныя ў Еўракамісію». Да канца гэтага года Беларусь таксама чакае прыезду місіі SEED (місія МАГАТЭ па ацэнцы пляцоўкі і дызайну АЭС з улікам знешніх уздзеянняў).
Эвалдас Ігнатавічус запрошаны асабіста наведаць будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС і азнаёміцца з рэальнай сітуацыяй.
Некалькімі гадзінамі раней прэс-служба Мінэнерга пракаментавала матэрыял тэлеканала «Белсат», у якім гаварылася аб тым, што здарылася «абрушэнне стойкі будынка, які будуецца ў Астраўцы, ядзернага абслугоўвання электрастанцыі». У міністэрстве растлумачылі, што ў публікацыі, «верагодна, ідзе гаворка аб выпадку, які здарыўся на будоўлі 8 красавіка 2016 года, калі пры кладцы бетону аднаго з перакрыццяў бытавых і падсобных памяшканняў адбылося частковае пашкоджанне падтрымліваючых канструкцый апалубкі». Гэты выпадак, адзначылі ў Мінэнерга, разглядаецца як дэфект пры падрыхтоўчых працах, «наступствы якога былі ліквідаваныя».
Паводле БелаПАН