Мінэнерга пацвярджае «дэфект пры падрыхтоўчых працах» на будоўлі АЭС
На будаўніцтве Беларускай АЭС 8 красавіка быў зафіксаваны дэфект пры падрыхтоўчых працах, наступствы якога былі ліквідаваныя. Пра гэта 6 мая паведаміла прэс-служба Міністэрства энергетыкі, каментуючы сітуацыю вакол публікацыі пра тое, што мела месца абрушэнні стойкі будаванага ў Астраўцы будынку ядравага абслугоўвання электрастанцыі.
У міністэрстве заявілі, што ў размешчанай на сайце тэлеканалу «Белсат» інфармацыі, «верагодна, ідзе гаворка пра выпадак, які адбыўся на будоўлі 8 красавіка 2016 года, калі пры кладцы бетону аднаго з перакрыццяў бытавых і падсобных памяшканняў адбылося частковае пашкоджанне падтрымліваючыхканструкцый апалубкі».
«Гэты выпадак разглядаецца як дэфект пры падрыхтоўчых працах, наступствы якога былі ліквідаваныя ў поўнай адпаведнасці з дзейнымі пры будаўніцтве рэгламентамі і тэхналогіяй. Дэфект быў ліквідаваны, блок перакрыцця падрыхтаваны да бетанавання і здадзены камісіі ў адпаведнасці з тэхнічнымі патрабаваннямі, — зазначаецца ў афіцыйным каментары Мінэнерга. — У сувязі з гэтым асабліва падкрэсліваем, што пашкоджанняў і разбурэнняўканструктыву, прынятага заказчыкам, на абʼектах Беларускай АЭС за ўвесь час будаўніцтва не было».
У Міністэрстве падкрэслілі, што для забеспячэння якасці будаўніча-мантажных работ на Беларускай АЭС будаўнічы кантроль увесь час ажыццяўляе прадстаўніцтва акцыянернага таварыства «НІАЭП» (Ніжні Ноўгарад), а тэхнічны нагляд за будаўніцтвам вядзе дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуская АЭС». На пастаяннай аснове ажыццяўляецца кантроль якасці матэрыялаў і абсталявання, якія паступаюць на пляцоўку будаўніцтва, дадалі ў ведамстве.
Першапачаткова інфармацыю пра абынанне стоек на будоўлі зняпраўдзіўначальнік аддзелу інфармацыі і грамадскіх сувязяў БелАЭС Эдуард Свірыд, паводле якога ніякіх здарэнняў на абʼекце не было.
5 мая Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту праз «магчымы інцыдэнт на размешчанай за 50 км ад Вільні Астравецкай атамнай электрастанцыі». «Мы адразу ж, як толькі атрымалі гэтую інфармацыю з нефармальных крыніц, сталі прымаць захады, а сёння ў міністэрства быў выкліканы пасол Беларусі, якому была ўручаная нота з патрабаваннем тлумачэнняў гэтага інцыдэнту або аварыі, пра іншыя магчымыя здарэнні, якія мелі месца да гэтага, бо пра гэта пішуць беларускія медыі», — заявіў журналістам у Вільні міністр замежных спраў краіны Лінас Лінкявічус.
У МЗС Беларусі сітуацыю не каментуюць.
3 мая літоўскае вонкавапалітычнае ведамства выступіла з заявай, у якой заклікала Беларусь «як мага хутчэй выканаць патрабаванні МАГАТЭ па ядравай бяспецы».
Афіцыйная Вільня неаднаразова падкрэслівала, што Літва не мае намеру купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. З пункту гледжання літоўскага боку, будаўніцтва станцыі парушае патрабаванні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў транспамежным кантэксце (Канвенцыя Эспа), якая прадугледжвае ацэнку ўздзеяння абʼектаў на навакольнае асяроддзе не толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных краінах.
Беларуская АЭС узводзіцца ў Гарадзенскай вобласці, прыкладна за 20 км ад Астраўца, паводле праекту расейскай кампаніі «Атамбудэкспарт». Генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам выступае расейская кампанія ААТ «НІАЭП» — ЗАТ «АСЭ». Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны да 2018 года, другога — да ліпеня 2020 года.