МУС ізноўку абяцае ўзбуджаць крымінальныя справы супраць беларусаў, якія ваявалі на Данбасе

Кіраўнік МУС РБ Ігар Шуневіч не выключае распачатку крымінальных спраў у дачыненні да грамадзян Беларусі — ўдзельнікаў баявых дзеянняў на паўднёвым усходзе Украіны.



terarysty.jpg

«Ёсць рэальныя праверачныя матэрыялы, якія ў бліжэйшы час, думаю, згодна з нашым заканадаўствам, лагічна лягуць у аснову распачынання крымінальных спраў па адпаведных артыкулах», — сказаў Ігар Шуневіч, якога цытуе БелТА.

Ён растлумачыў, што гаворка ідзе пра дзясяткі беларускіх грамадзян, якія, па дадзеных беларускіх праваахоўнікаў, прымаюць удзел у баявых дзеяннях на паўднёвым усходзе Украіны з абодвух бакоў.

«Усе будуць залежаць ад таго, наколькі поўна мы збярэм матэрыялы для ўзбуджэння гэтых спраў», — сказаў Шуневіч.

Нагадаем, што раней за ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе кіраўнік КДБ Валер Вакульчык абяцаў распачынаць крымінальны пераслед па артыкуле «Найміцтва». Журналісты раскапалі багата прозвішчаў беларусаў, якія ваявалі на баку сепаратысцкіх «ЛНР» і «ДНР». Аднак ніводнай крымінальнай справы ў іх дачыненні так заведзена і не было — хоць яны і вярталіся ў Беларусь .

Затое ёсць факты, што супрацоўнікі КДБ праводзілі з гэтымі людзьмі «прафілактычныя гутаркі», якія так і не скончыліся ўзбуджэннем крымінальных спраў.