«Мы не можам глядзець абыякава на пакуты людзей, на несправядлівасць у судах, на пераслед іншадумцаў»

У Байнэце да сарака дзён пасля сыходу з жыцця архіепіскапа Арцемія (Кішчанкі) яго паплечнікі апублікавалі тэкст Уладыкі, які раней не з'яўляўся ў медыя. Гэты ліст Уладыка накіраваў патрыярху Кірылу, тлумачачы, за што менавіта яго хочуць зняць з пасады. Ні слова ў адказ архіепіскап не дачакаўся.

artemij1_800x400_1.jpg


Нагадаем, што 9 чэрвеня 2021 года архіепіскапа Арцемія гвалтоўна адправілі на пенсію, пазбавіўшы пасады кіраўніка Гродзенскай епархіі. Ён пакінуў дакумент паплечнікам, папрасіўшы апублікаваць, «калі прыйдзе час». Цяпер, лічаць яны, час прыйшоў.

Ліст адрасаваны патрыярху Кірылу, але цяпер ён нагадвае духоўнае завяшчанне. Архіепіскап Арцемій піша, што лічыць неабходным звярнуцца з тлумачэннем яго пазіцыі ў кантэксце падзей у грамадска-палітычным жыцці Беларусі апошняга часу. Далей — тэкст ліста ў перакладзе «НЧ».

9 жніўня 2020 года прайшлі прэзідэнцкія выбары. Іх падрыхтоўка, правядзенне і абвяшчэнне вынікаў выклікалі шматлікія прэтэнзіі з боку кандыдатаў, іх штабоў, назіральнікаў, прадстаўнікоў медыя і, галоўнае — шырокіх мас беларускай грамадзянскай супольнасці.

Інфармацыйная прастора імкліва напаўнялася сведчаннямі аб нядопуску і гвалтоўным выдаленні назіральнікаў з участкаў, аб відавочна нерэальным працэнце прагаласаваўшых датэрмінова, аб невыкананні членамі выбарчых камісій прамога патрабавання закона ў частцы вывешвання вынікаў галасавання на ўчастках.

У выніку грамадзяне Беларусі як тыя, каму па Канстытуцыі належыць права выбіраць сваю ўладу, адчулі сябе падманутымі і абражанымі!

Падзеі, якія рушылі пасля закрыцця ўчасткаў, зрынулі ўсіх нас у шок і жах! На людзей, якія выйшлі мірна пратэставаць супраць падману, абрынуліся дубінкі АМАПа, Унутраных войскаў, спецназа МУС, паляцелі кулі і гранаты.

Краіна застыла ў нямым крыку ад маштабу гвалту і здзекаў! СІЗА на завулку Акрэсціна ў Мінску стала месцам страшных катаванняў, лямант ад якіх чулі, у тым ліку, і святары Мінска, якія па-пастырску і па-валанцёрску адгукнуліся на людскую бяду.

У Гродне наш Кафедральны сабор стаў месцам, дзе святары і свецкія давалі прытулак усім, хто шукаў яго пад покрывам храма, рызыкуючы самімі стаць ахвярамі гвалту!

У тыя дні, 14 жніўня, я звярнуўся з пасланнем да вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі і да ўсіх людзей добрай волі, дзе наўпрост назваў прычыну таго, што адбылося — патаптанне праўды! Праўды ў шырокім сэнсе, як праўды Хрыстовай і як прынцыпу, на якім будуе сваё жыццё чалавек, што спазнаў яе! Відавочна, што менавіта сыход ад праўды ў духоўным і ў асабістым жыцці прывёў да трагічных наступстваў і ў грамадзянскім жыцці маёй (можна — нашай) краіны!

Гэта пасланне і мая пропаведзь 16 жніўня ў Кафедральным саборы былі адзінымі публічнымі выказваннямі на гэту тэму. І разам з духавенствам мы вызначыліся ў тым, што мы не ўмешваемся ў палітыку, не займаемся агітацыяй сярод вернікаў «за» ці «супраць» тых ці іншых палітычных суб'ектаў, не аналізуем іх праграм.

Але мы і не можам глядзець абыякава на падзеі, якія адбываюцца, на пакуты людзей ад нематываванага гвалту, на несправядлівасць у судах, на пераследы ўсіх іншадумцаў і нязгодных. І маем права ўзвышаць свой голас у абарону тых, каго пераследуюць і гоняць.

Гэта пазіцыя цалкам узгаднялася з прынятым Сінодам БПЦ 15 жніўня 2020 года «Зваротам да народа Рэспублікі Беларусь аб спыненні народнага супрацьстаяння». У ім, у прыватнасці, гаварылася: «Мы верым і спадзяемся, што кіраўніцтва краіны, якое па праве заклікана паважаць і ахоўваць свой народ, спыніць гвалт, пачуе галасы пакрыўджаных і нявінна пацярпелых, а тых, якія праявілі зверства і жорсткасць, аддасць законнаму суду і асуджэнню!»

Чаму ўладыка мітрапаліт і астатнія члены Сінода маўчаць пра гэты дакумент, як быццам яго і не было? І падпісваюць новыя пагадненні аб супрацоўніцтве з тым жа МУС, нават не заікнуўшыся, што спачатку трэба ўсё ж такі вырашыць праблему адказнасці за гвалт?

Ці ім сорамна цяпер за праяўленую тады «хвілінную слабасць», калі яны ўсё ж назвалі рэчы сваімі імёнамі: хлусню — хлуснёй, жорсткасць — жорсткасцю, забойства — забойствам? Але як можа быць сорамна хрысціянам і тым больш іерархам Царквы паступаць прама па запаведзі Хрыста: «хай будзе слова ваша: «так», «так» і «не», «не», а што звыш гэтага — ад злога?» (Мв. 5,37).

Ваша Святасць, вялікай надзеяй для праваслаўных хрысціян Беларусі былі вашы словы, якія прагучалі 7 студзеня 2021 года ў калядным звароце, калі вы заклікалі беларускія ўлады вырашаць існуючыя пытанні, «не адкладаючы ў доўгую скрыню тое, што выклікае напружанне ў грамадстве».

Але, на жаль, Ваш Першасвяціцельскі заклік пачуты не быў, дыялог улады з грамадствам па-сапраўднаму так і не пачаўся, а замест яго махавік гвалту стаў разгойдвацца яшчэ мацней!

Зусім нядаўна, у канцы траўня, Беларусь узрушыў чарговы выпадак суіцыду на глебе ціску следчых органаў. Малады чалавек 17 гадоў, Дзмітрый Стахоўскі, ступіў насустрач сваёй смерці з 16-га паверха Мінскага інтэрната, упадабаўшы такую страшную свабоду, каб не апынуцца ў турме за ўдзел у пратэсце.

На месцы яго гібелі паўстаў стыхійны мемарыял: кветкі, свечкі, лампады. Дзяжурны міліцэйскі патруль запатрабаваў у кансьержкі яго прыбраць. Але яна адмовілася, патлумачыўшы гэта тым, што яна — веруючы чалавек! І не пойдзе насуперак голасу свайго сумлення! Нашыя свецкія — больш прыстойныя і сумленныя за ўсіх нас, архірэяў, якія, напэўна, даўно забыліся, як павінны паводзіць сябе вернікі!

Усё гэта я кажу з думкай пра Праваслаўную Царкву ў Беларусі, з трывогай пра тое, якой яна выйдзе з цяперашняй сітуацыі. Ці застанецца яна суполкай верных Хрысту і яго Евангеллю людзей, здольных сумленна і мужна сведчыць пра яго, абараняючы праўду і свабоду?

Ці, разгубіўшы ўсю сваю рэпутацыю і добрае імя, канчаткова скаціцца ў сервілізм і лаяльнасць дзяржаве, для якой «маўклівая» Царква — вельмі зручны актыў?

І гэтыя трывогі — не простая фігура мовы. За ўвесь перыяд цяперашняга крызісу маса думаючых, шчырых і сумленных людзей сышлі з нашай Царквы. Альбо проста перастаўшы быць прыхаджанамі нашых храмаў, альбо прама заявіўшы пра гатоўнасць перайсці ў Рыма-каталіцтва. Іх галоўны матыў — «маўчанне» нашай царквы аб жорсткасці і рэпрэсіях дзяржавы ў адносінах да грамадзян. Прадмет іх здзіўлення — глухата і слепата нас як архіпастыраў, якія знайшлі зручную адгаворку ў выглядзе «нейтралітэту», калі стогны, плач і пакуты людзей па судах і турмах працягваюцца да гэтага часу.

Яскравым выразам такіх «міграцыйных» настрояў стаў надпіс, зроблены невядомымі на агароджы аднаго з мінскіх храмаў у перыяд калядных свят: «Дзякуй, айцы, цяпер я ведаю, што мае Каляды — 25 снежня!» Думаю, каментары тут — залішнія.

Асабліва балюча было чытаць уражанні людзей, якія пайшлі 13 лістапада на памінальную службу (з прычыны адсутнасці такой у праваслаўным саборы) па актывісце Рамане Бандарэнку ў архікафедральны касцёл Мінска.

Гэты 32-гадовы хлопец у бытнасць студэнтам Мінскага архітэктурна-мастацкага каледжа распісваў трапезную для паломнікаў Жыровіцкага манастыра, пра што сведчыць усталяваная там жа памятная табліца. І вось за нашага праваслаўнага маладога чалавека, жорстка забітага ні за што ва ўласным двары і пасмяротна абылганага, маліліся каталікі на чале з іх біскупам Юрыем Касабуцкім.

Яго глыбокія і пранікнёныя словы пра забітага і пра стаўленне да забойства чулі і многія праваслаўныя. І, да нашага сораму і ганьбы, сказалі: «Так, сёння хрысціянскім біскупам Мінска быў Юрый Касабуцкі!» Калі гэта не страты для БПЦ, то што? І чым мы апраўдаемся за іх перад Богам? Тым, што хвала ад дзяржавы за «правільныя» паводзіны ў перыяд крызісу нам даражэйшая за адпалыя душы?

Аднак Праваслаўная Царква ўсё яшчэ захоўвае свой аўтарытэт сярод беларусаў. Але аўтарытэт, які трымаецца не на нас, іерархах, а на вернасці Хрысту, у зносінах з якім людзі хочуць знаходзіцца нават насуперак нашым афіцыйна-сервільным паводзінам.

Хоць апошняе і не застаецца незаўважаным ад поглядаў разумных, годных і глыбокіх вернікаў-прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі, такіх, як Павел Севярынец і Павел Латушка. Іх звароты да Мітрапаліта Веніяміна, вытрыманыя ў максімальна карэктным і паважлівым тоне, але адначасова выразныя і прынцыповыя па сутнасці пастаўленых пытанняў, мелі шырокі рэзананс у царкоўных колах.

На жаль, таго ж нельга сказаць пра адказы, якіх альбо не было зусім, альбо яны былі хутчэй сыходам ад адказу. І гэта — таксама элемент прасядання вобраза нашай царквы ў неабыякавым да нас сегменце грамадства.

Затое, з іншага боку, прадстаўленай органамі ўлады і асацыяванымі з імі групамі асоб пастаянна вядуцца нападкі на нашу епархію і яе духавенства. Прычым у формах, вельмі далёкіх ад культурнага і паважлівага стаўлення, якія хутчэй нагадваюць правакацыі і абразы!

У падкантрольных ім тэлеграм-каналах кім толькі не выстаўляюцца святары — і срэбралюбцы, і калабарацыяністы, і палітыканы, якія прадаліся «Захаду», і бунтары, і гэтак далей.

І ніколі раней не заўважаныя ў дбайным і малітоўным наведванні Кафедральнага сабора людзі з дзіўнай і цёмнай арганізацыі «Інфаспецназ» «раптам» неверагодна абразіліся немагчымасцю атрымаць духоўнае суцяшэнне ад абразоў навамучанікаў! Паколькі ім невыносна бачыць у якасці катаў людзей з чырвонымі зоркамі! На ўсе гэтыя выпады мы стараліся даваць спакойныя і выразныя адказы і тлумачэнні. Для нас гэта ўсё роўна нашы людзі і хрысціяне!

Бачыць Бог, я не меў і не маю іншых намераў і памкненняў, акрамя як быць біскупам Сваёй Царквы і вучыць людзей быць вернымі Богу ва ўсіх абставінах зямнога жыцця. Я ўвесь час спасылаўся на прыклад нашых навамучанікаў і паказваў, што іх спавядальніцтва — гэта іх бяспрыкладны подзвіг у выніку адмовы ад прыстасаванства. Але і плата за падобныя паводзіны Праваслаўнай Царквы ў папярэднюю эпоху.

І цяпер, калі мы зноў у сітуацыі важнага выбару, я заклікаў і буду заклікаць не паўтараць памылак мінулага, каб нам зноў не прыйшлося плаціць страшную цану за права на свабоду і быць з Хрыстом!

Лічу рашэнне Сінода Беларускага Экзархата кананічна беспадстаўным, палітычна матываваным, прынятым не да карысці царкоўнай, а ва ўгоду грамадзянскім уладам, якія страцілі сваю легітымнасць. Спадзяюся на аднаўленне справядлівасці рашэннем Вашай святасці.