Памёр архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій: святар, які выступіў супраць гвалту ў 2020-м

Архіепіскапу Арцемію (Кішчанку) было 70 гадоў. 25 красавіка ён меў адсвяткаваць дзень народзінаў. Тыдзень таму стала вядома, што ён цяжка хварэе, вернікі заклікалі маліцца за ягонае здароўе. Аднак Арцемій памёр уначы з 21 на 22 красавіка.

0dcde9e1e59f37c199ae2f66b3222011_2.jpeg


Ён нарадзіўся ў Мінску. Вучыўся ў Ленінградскай духоўнай семінарыі. Служыў святаром у Карэліі. У 1982 годзе вярнуўся ў Беларусь. У 1996 годзе пастрыжаны ў манаства. У тым жа годзе стаў епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім.

У жніўні 2020 года Арцемій быў адзіным з беларускіх праваслаўных іерархаў, хто публічна асудзіў фальсіфікацыю выбараў і гвалт сілавікоў.

«Кроў ахвяр і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні — на сумленні тых, хто свядома сам забіваў альбо прымушаў іншых забіваць праўду», — так кіраўнік Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы арцыбіскуп Арцемій (Кішчанка) у жніўні 2020 года асудзіў гвалт у дачыненні да мірных жыхароў Беларусі.

Адразу пасля жорсткага падаўлення пратэстаў ён заявіў у адной з пропаведзяў, што «мы не гаворым, якая там палітыка, які палітык, якая ўлада. Мы гаворым аб тым, што чыніцца беззаконне. Нашы людзі проста звярэюць і раздзіраюць сваіх жа братоў».

У чэрвені 2021 года ў Мінску прайшло пасяджэнне Сінода Беларускай праваслаўнай царквы. Па яго выніках было прынята рашэнне аб вызваленні ад пасады архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. Афіцыйная прычына — узрост: Кішчанку 69 гадоў. Арцыбіскупу было загадана з'ехаць у Мінск. Але рашэнне БПЦ павінен быў зацвердзіць Святы Сінод РПЦ.

Для гэтага Святы Сінод РПЦ сабраўся тэрмінова, на тыдзень раней, чым планавалася. Але ў яго рашэнні аб вызваленні Арцёмія з пасады гучала іншая прычына: «адпраўлены на спачын па стане здароўя».

У гутарцы з журналістамі святар дапусціў, што яго адхіленне адбылося па ўказцы дзяржавы.