Назіральнікі з кампаніі "Права выбару-2015": Выбары былі не свабоднымі і несправядлівымі
Назіральнікі робяць высновы, што ўмовы, у якіх праходзіла выбарчая кампанія, былі абсалюттна не роўнымі для кандыдатаў. А працэдура падліку галасоў так і застаецца таямніцаю для назіральнікаў.
Кампанія "Права выбару" ладзіла доўгатэрміновае назіранне за ўсімі этапамі выбарчай кампаніі. У часе датэрміновага галасавання у дзень выбараў 11 кастрычніка 1286 назіральнікаў кампаніі працавалі на 643 выбарчых участках.
Агульныя высновы назіральнікаў па выніках выбарчай кампаніі прыведзеныя ніжэй.
Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі не свабоднымі і несправядлівымі, падлік галасоў адбываўся непразрыста, а агучаныя ЦВК вынікі не вартыя даверу. У кампаніі знайшлі працяг усе негатыўныя практыкі, якія раней былі прадметам крытыкі нацыянальных і міжнародных назіральнікаў.
Тэрытарыяльныя (ТВК) і ўчастковыя (УВК) выбарчыя камісіі былі сфармаваныя з рэкордна малым удзелам прадстаўнікоў апазыцыі, якім у абсалютнай большасці выпадкаў было безпадстаўна адмоўлена ва ўключэнні ў склад камісіяў. Механізм судовага абскарджваньня рашэнняў пра фармаванне камісіяў не працуе як эфектыўны сродак аднаўлення справядлівасці.
Нягледзячы на адносна вольныя ўмовы збору подпісаў і правядзення агітацыйных мерапрыемстваў кандыдатамі, свабода сходаў для іншых суб'ектаў была моцна абмежаваная. Адмова ад дзяржаўнага фінансавання агітацыі негатыўна паўплывала на характар кампаніі, зрабіўшы яе малабачнай для выбаршчыкаў. Зафіксавана масавае выкарысанне адміністратыўнага рэсурса і незаконнае фінансаванне кампаніі дзеючага Прэзідэнта з дзяржаўнага бюджэта.
Датэрміновае галасаванне суправаджалася разыходжаннямі паміж паказчыкамі яўкі, агучанымі УВК з паказчыкамі яўкі, зафіксаванымі назіральнікамі. Адзначаныя маніпуляцыі са спісамі выбаршчыкаў, якія могуць быць скіраваныя на штучнае павелічэнне паказчыкаў яўкі. У шэрагу выпадкаў на ўчастках зафіксаваныя наўпроставыя фальсіфікацыі і падлог.
Падлік галасоў адбываўся непразрыста і не галосна, назіральнікі не мелі магчымасці пераканацца ў адпаведнасці агучаных УВК лічбаў. Камісіі пры падліку галасоў не працавалі як калегіяльны орган і ў абсалютнай большасці выпадкаў сябры камісіі лічылі ўласнаручна толькі частку бюлетэняў, а агульны вынік па ўчастку падводзіў старшыня камісіі, і іншыя сябры камісіі не мелі магчымасць пераканацца, што агучаная сума сапраўды адпавядае рэчаіснасці.
УВК стварылі неспрыяльныя ўмовы для назіральнікаў, безпадстаўна забаранялі ім рабіць фота і відэаздымкі на ўчастках, у шматлікіх выпадках выдалялі назіральнікаў з участкаў. Зафіксаваны ціск на назіральнікаў па месцы працы з мэтай вымусіць іх да адмовы ад удзелу ў назіранні.
«Права выбару-2015» — гэта кампанія па назіранні за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваная на прадухіленне парушэнняў заканадаўства падчас усіх стадый выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне. Кампанія «Права выбару-2015» будзе імкнуцца да мінімізацыі колькасці парушэнняў заканадаўства на кожным выбарчым участку, дзе будуць прысутнічаць яе назіральнікі. Кампанія мае намер накіраваць на ўчасткі не менш за 1500 назіральнікаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Кампанія «Права выбару-2015» аб'ядноўвае 8 палітычных структур: Партыю БНФ, аргкамітэты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Партыі Свабоды і Прагрэсу, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду), грамадскае аб'яднанне «Рух «За свабоду», грамадзянскую кампанію «Гавары Праўду!», Беларускую партыю «Зялёныя», прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці. Удзельнікі кампаніі маюць паспяховы досвед па назіранні за парламенцкімі выбарамі 2008 і 2012 гг., выбарамі прэзідэнта 2010 г, выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2014 г.