МЗС Францыі: Савет ЕС здыме санкцыі з Беларусі на 4 месяцы
Рашэнне аб скасаванні санкцый супраць Беларусі было прынята на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза, паведамляе ВВС.
Савет ЕС прыняў рашэнне прыпыніць на чатыры месяцы дзеянне санкцый у дачыненні да Беларусі, паведаміў дзяржсакратар па еўрапейскіх справах пры МЗС Францыі Арлем Дэзірэ.
"Санкцыі могуць быць зноў уведзены ў дзеянне ў любы момант, калі гэта будзе апраўдана. Прынятае рашэнне дазваляе адначасова захаваць рэжым санкцый супраць Беларусі, але прыпыніць іх дзеянне з мэтай садзейнічання захаванню дэмакратыі і правоў чалавека", — растлумачыў чыноўнік.
Санкцыі Еўрасаюза, уведзеныя ў снежні 2010 года, уключаюць чорны спіс са 150 асоб, якім забаронены ўезд у ЕС і фінансавыя актывы якіх у еўрапейскіх банках падлягаюць замарожванню.
У чорны спіс уключаны і прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Санкцыі таксама прадугледжваюць зброевае эмбарга, забарону на пастаўкі ў Беларусь паліцэйскага абсталявання і тэхнікі двайнога прызначэння, якая можа быць выкарыстана для "ўнутраных рэпрэсій".
Напярэдадні ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары, Аляксандр Лукашэнка быў пераабраны на пяты прэзідэнцкі тэрмін запар.