«Не ведаю, дзе буду нараджаць». Цяжарная Паліна Ляшко распавяла, як уцякла праз лес і балоты з Беларусі
Паліна і Андрэй Ляшко выхоўваюць дваіх малых дзяцей — ім тры і шэсць гадоў. Сям’я чакае трэцяга. Толькі радасць чакання немаўляці азмрочаная судом за «карагод» у Брэсце. Паліна атрымала паўтара года «хатняй хіміі», Андрэй — паўтара года «калоніі-пасялення», распавядае «Свабода».
Разумеючы, што сям’я можа быць разбураная дашчэнту, а дзеці пойдуць у прытулак, Паліна з Андрэем вырашылі ўцякаць з Беларусі. «Гэта была крайняя мера. Але мы выбралі свабоду і няўпэўненасць за мяжой замест стабільнай турмы на Радзіме», — кажа Паліна.
«Пастаялі некалькі хвілін каля карагоду — і па нас прыйшлі»
Да верасня 2020 года Паліна і Андрэй «гора не зналі». Андрэй працаваў у Еўрасаюзе дальнабойнікам, добра зарабляў і ўтрымліваў сям’ю. Паліна з малымі дзецьмі была ў дэкрэтным.
13 верасня маладая сям’я гуляла ў цэнтры Брэста. Убачылі карагод. «Спачатку нехта ўключыў музыку, гралі песні „Перамен!“, NRM, здаецца, іншых гуртоў, а людзі танцавалі. Усе былі такія натхнёныя, радасныя. Людзі прыгожа апранутыя, нібыта свята нейкае. Нехта купляў і раздаваў людзям марозіва. Мы стаялі на ходніку і назіралі за гэтым. Пастаялі мо некалькі хвілін і пайшлі. А потым па нас прыйшлі», — кажа Паліна.
«У той дзень усюды былі супрацоўнікі
ДАІ, „ціхары“, аўтазакі. Людзі нічога благога не рабілі. Проста спявалі,
весяліліся. Знянацку прыехаў вадамёт і пачаў паліваць людзей — без ніякага
папярэджання. І не толькі людзей — ходнікі, тралейбусы, шапікі, крамы — па коле,
усё, што было побач. Гэта было першае ўжыванне вадамёта ў Брэсце. І ніхто не
папярэдзіў людзей, што трэба вызваліць праежджую частку, што будзе ўжыты
вадамёт! Потым мы ўбачылі бусы, АМАП пачаў хапаць і біць людзей — усіх, каго
толькі бачылі», — узгадвае жыхарка Брэста.
За тыя некалькі хвілін назірання за карагодам Паліна і Андрэй сталі падазраванымі ў крымінальнай справе, як і дзясяткі жыхароў Брэста.
Калі Андрэй стаў падазраваным, яму забаранілі выезд за мяжу. А ён працаваў за мяжой, і з гэтага заробку жыла сям’я. Андрэй застаўся без працы, сям’я — без грошай.
8 чэрвеня Паліну і Андрэя, а разам з імі яшчэ восем чалавек асудзілі за карагод, далі тэрміны — «хімію». Каб Андрэй паехаў на «хімію», то сям’я засталася б без кармільца, ды яшчэ давялося б і яму дапамагаць перадачамі і грашыма.
«Лепш свабода і няпэўнасць, чым „стабільная турма“ на Радзіме»
Паліна кажа, што яны выдатна разумелі: некалькі парушэнняў на «хіміі» — і Андрэй едзе ў турму. Нейкае парушэнне ў Паліны — і яна едзе на «хімію», а дзеці — у прытулак ці дзіцячы дом.
«Нас судзілі ні за што. Іх не спыніла нічога. Яны ведалі пра дзяцей, пра маю цяжарнасць. Як і пра тое, што мы ні ў чым не вінаватыя. Гэта разумелі і следчыя, і суд, і пракуроры. Але дзейнічалі жорстка і па ўказцы. Усім, хто даходзіць да суду ў „палітычных“ справах, — усім даюць тэрміны. І мы гэта цудоўна разумеем. Разумеў гэта і наш адвакат. Таму, каб не марнаваць грошай на яго, перад судом мы параіліся і вырашылі, што будзем абараняць сябе самі, як зможам. Было дванаццаць абсурдных пасяджэнняў. Яны прайшлі хутка. І мы атрымалі „свае тэрміны“. Разумеючы, што апеляцыя нічога не зменіць, мы пайшлі на крайнюю меру — проста ўцякаць з краіны. Іншага выйсця не было. Калі б мы засталіся — я нават не магу ўявіць, што магло б з намі здарыцца на Радзіме. Муж у вязніцы, я з двума малымі дзецьмі і немаўлём без сродкаў для існавання на „хатняй хіміі“. На Радзіме мы не былі б ў бяспецы», — тлумачыць маладая маці.
Прыкладна праз паўтара месяца ёй
нараджаць. Але як і дзе — Паліна і Андрэй пакуль не ведаюць.
«Мы ішлі пехам... Праз лясы і балоты. Многа чаго я пакуль не магу расказаць — каб не пашкодзіць іншым людзям.... Гэты „паход“ даўся мне ў знакі пры і так нялёгкай цяжарнасці. Мы абралі свабоду і няпэўнасць тут, не „стабільную турму“ на Радзіме. Маральна гэта страшна і балюча. Але мы спадзяемся, што нармальныя людзі, беларусы, нас падтрымаюць. Вядома, мы хочам вярнуцца на Радзіму, у Новую Беларусь, пра якую мараць так шмат людзей», — зазначыла Паліна.
Цяпер яны вырашаюць процьму праблем ва Украіне: як легалізавацца, за што жыць, куды ўладкаваць — сына ў школу, а дачку ў садок. «Дзе гэта ўсе будзе? Як гэта зрабіць у кароткі тэрмін? Аформіць дакументы — і ў тым ліку на дзяцей, купіць усё неабходнае для немаўляці — вось такія цяпер асноўныя праблемы і страхі», — кажа маладая маці.
Дзеці былі напалоханыя ўсімі гэтымі падзеямі. «Яны і цяпер не могуць зразумець — чаму мы не дома, дзе мы і што. Але мы стараемся забаўляць іх, адцягваць увагу ад гэтых дарослых праблем», — дадала Паліна.
Што за «карагодная справа?»
13 верасня падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў сотні жыхароў Брэста выйшлі на скрыжаванне праспекту Машэрава і бульвару Касманаўтаў, дзе зладзілі карагод.
Паводле абвінавачання, людзі «дзейнічалі ў групе з іншымі асобамі, якія на праезнай частцы гучна крычалі, свісталі, выгукалі лозунгі, пляскалі ў ладкі, наўмысна бралі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, перашкаджалі працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацыяў».
Сілавікі ўжылі супраць жыхароў Брэста вадамёт і разагналі карагод.
Усяго ў крымінальнай справе праходзяць прынамсі 60 чалавек. Ужо прайшлі пяць судоў, на якіх судзілі па 10–14 жыхароў Брэста.
Суды над наступнымі «партыямі» працягваюцца і цяпер.