Не пусцяць аўтобус — не пойдзем на выбары
Пяць вёсак Чашніцкага раёна не маюць аўтобуснага злучэння з райцэнтрам. Вяскоўцы нават не могуць патрапіць у шпіталь або на рынак.
У «Народныя навіны Віцебска» звярнуліся жыхары вёсак Баяры і Сялец з паведамленнем пра тое, што на працягу восені і зімы не выконваюцца рэйсы прыгараднага аўтобуса
«Чашнікі-Сялец». Для насельніцтва вёсак Асташова, Баяры, Вежаўка, Сялец і Тарантава гэты маршрут, якім аўтобус хадзіў два разы ў пятніцу і два разы ў нядзелю, быў адзіным спосабам
дабрацца да райцэнтра.
У аддзеле перавозак ААТ «Віцебскаблаўтатранс» пасля доўгіх удакладненняў пацвердзілі, што на мінулым тыдні рэйсы маршрутам «Чашнікі-Сялец» сапраўды ня
выконваліся, спаслаўшыся на тое, што ў ААТ «Аўтатранспартнае прадпрыемства №9 г.Чашнікі» гэта тлумачаць малой колькасцю пасажыраў. А для далейшага тлумачэння сітуацыі запатрабавалі
накіраваць ім афіцыйны запыт.
У той жа час вяскоўцы сцвярджаюць, што ўжо ўлетку аўтобус на прыпынках у іхных вёсках з'яўляўся гады ў рады, і трэба было тэлефанаваць на аўтавакзал, каб удакладніць — ці прыедзе
ён гэтым разам. Інфармацыю пра нібыта нізкую колькасць пасажыраў яны схільныя тлумачыць тым, што кіроўцы часцяком кладуць аплату праезду сабе ў кішэню і не выдаюць квіткоў, праз што, натуральна, і
складваецца ўражанне, што аўтобус катаўся пусты.
Згодна з пастановай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ад 25 ліпеня 2011 года № 464 «»Аб пераліку дзяржаўных сацыяльных стандартаў абслугоўвання насельніцтва Віцебскай
вобласці» з унесенымi ў яго зменамі населеныя пункты, дзе жыве ад 20 да 50 чалавек, павінны мець ахоп транспартным злучэннем 100 адсоткаў з выкананнем не менш за 4 рэйсаў штотыдзень, а з
насельніцтвам звыш 50 чалавек — не менш за 8 рэйсаў штотыдзень. Як бачым, высокія дзяржаўныя стандарты ў Чашніцкім раёне ў гэтым выпадку выконваюцца толькі на паперы.
Са слоў вяскоўцаў, цяпер яны пазбаўленыя магчымасці патрапіць на базар, каб прадаць на ім плён сваёй працы, што з'яўлялася падтрымкай да невысокіх пенсій былых калгаснікаў. Яшчэ больш
цяжкасцяў узнікае ў выпадку хваробы — да лекара даводзіцца дабірацца на спадарожных самаходах або выклікаць «хуткую дапамогу».
Забытыя раённым начальствам жыхары пакінутых без аўтобуснага злучэння вёсак з горыччу кажуць, што калі дзяржаве яны не патрэбныя, то і ў дзяржаве яны не маюць патрэбы і дапускаюць магчымасць
байкатавання будучых выбараў прэзідэнта.
news.vitebsk.cc