Па 500 рублёў за літару і «хатняя хімія». Суд ацаніў адно абразлівае слова

За каментар з трох літар у дачыненні да супрацоўніка ДАІ Ігара Вольніча маці дваіх дзяцей пакаралі «хатняй хіміяй» і штрафам, паведамляюць праваабаронцы.

zhlobin_sud_07_1.jpg

Два гады абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу — такі прысуд быў вынесены 29 лістапада жыхарцы Мінска Юліі Шастаковай. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (ч.1 арт. 369 КК) — супрацоўніка ДАІ з Ганцавічаў Ігара Вольніча.

З-за заяваў Ігара Вольніча праз суды прайшлі больш за дзясятак чалавек, якія выказалі сваю рэакцыю ў інтэрнэце. Супрацоўнік ДАІ неаднаразова падаваў іскі ў суд на тых, хто пакідаў каментары пад рэзанансным фота, дзе паказана, як Вольніч затрымліваў чалавека. На тым  фотаздымку пацярпелы Вольніч нагой стаў на галаву чалавека.

Згодна з абвінавачваннем, жанчына яшчэ ў ліпені 2020 года ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» на старонцы Вольгі Карач, яна пакінула каментар з трох літар: «Чмо».

На судзе Шастакова сцвярджала, што каментар не дапісала да канца, адправіла выпадкова. Хацела напісаць у адрас каментатараў, а не ў адрас супрацоўніка ДАІ. Аднак на ранейшым допыце тлумачыла свае дзеянні тым, што трапіла пад уплыў дэструктыўных СМІ.

Пракурор Мікіта Савіцкі запрасіў для Шастаковай два гады «хатняй хіміі», а таксама задаволіць матэрыяльны пазоў Вольніча ў памеры 1500 рублёў. Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Анастасія Асіпчык.