Суд па справе палітзняволенага экс-студэнта Арцёма Баярскага зрабілі закрытым
У Мінскім гарадскім судзе 29 верасня распачаўся судовы працэс над 20-гадовым палітзняволеным Арцёмам Баярскім, які ўтрымліваецца за кратамі ўжо амаль дзевяць месяцаў. Экс-студэнта другога курсу хімфака БДУ абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем) і ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Палітвязню ставіцца ў віну адміністраванне тэлеграм-канала "Мая краіна Беларусь" і тэлеграм-чата "Я выхожу/МКБ", а таксама ўдзел у Маршы "Народнага ўльтыматума" 25 кастрычніка мінулага года. Арцёму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
На пачатку судовага працэсу суддзя Алена Шылько па хадайніцтве пракуроркі Вольгі Дындзілевіч вырашыла праводзіць судовае разбіральніцтва па справе ў закрытым рэжыме, бо "ў матэрыялах справы маюцца звесткі аб інтымным баку жыцця абвінавачанага, а таксама інфармацыя з тэлеграм-канала, прызнаная экстрэмісцкай".
Што вядома пра Арцёма Баярскага?
20-гадовы Арцём Баярскі да затрымання вучыўся на хімічным факультэце БДУ. Ён чатыры разы станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў. Год таму пасля Маршу пенсіянераў яго жорстка затрымалі, збілі і арыштавалі на 15 сутак паводле “народнага" артыкула 24.23 КаАП. У сваім дзённіку Арцём падрабязна апісаў збіццё ў Ленінскім РУУСе:
"Калі завялі ў бус, мяне адразу ж пачалі біць. Білі ў асноўным кулакамі па твары, таксама закранула левую руку і левы бок. Паставілі сіняк пад левае вока, таксама быў моцны боль у раёне левай скроні. Невядомыя ў чорным патрабавалі назваць, дзе я жыву і вучуся, адначасна абсыпаючы мяне кухталямі і круцячы пальцы. Потым на двух пальцах быў моцны ацёк і яны балелі. Пакуль везлі ў РУУС, у мой бок сыпаліся рознага роду пагрозы, абразы. Пагражалі, што адлічаць з універсітэта і я пайду ў войска. Пыталіся, ці пенсіянер я і навошта хаджу на іх маршы. Сцвярджалі, што я праплочаны. Я вырашыў згаджацца з усім іх славесным патокам. Здаецца, гэта некалькі супакойвала іх злосць, і яны пераставалі мяне біць. У мяне знайшлі сцяг Хабараўска, зрабілі ў ім дзірку і напяліоі яго мне на галаву. У такім "уборы" мяне даставілі ў РУУС Ленінскага раёна. Калі я выйшаў з буса, адчувалася, што ў мяне вока было прыпухлым і вельмі моцна балела галава. Пасля дастаўкі ў РУУС і да канца маіх сутак больш фізічнага гвалту да мяне не ўжывалася".
Збівалі ў ГУБАЗіКу, каб атрымаць паказанні
Другі раз Арцёма затрымалі сёлета напярэдадні Дня волі — 24 сакавіка. Раніцай у інтэрнат да яго прыйшлі сілавікі — падставай стаў бел-чырвона-белы сцяг, які, паводле іх інфармацыі, хтосьці вывесіў у пакоі. Усіх студэнтаў паклалі на падлогу і надзелі кайданкі, але забралі толькі Арцёма. Яго арыштавалі спачатку адміністрацыйна. Асудзілі 25 сутак па арт. 24.23 КаАП, але потым выставілі абвінавачанне па крымінальным артыкуле за «стварэнне або кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем». З Арцёмам запісалі «пакаяльнае відэа», дзе ён прызнаецца ў адміністраванні тэлеграм-канала і чата «Мая краіна Беларусь» (Я выхожу/МКБ). Але вядома, што, каб атрымаць відэа для тэлеграм-канала прапагандыста Азаронка, дзе студэнт прызнаецца ў адміністраванні пабліка, Арцёма збілі: білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах. Гэта падчас допыту 19 красавіка хлопец паведаміў адвакату.
Сам Баярскі патлумачыў на апытанні, што яго білі ў будынку ГУБАЗіК на вуліцы Рэвалюцыйнай, калі апытвалі, ці ён датычны да тэлеграм-каналу «Страйкам хімфаку». Паводле Баярскага, супрацоўнік ГУБАЗіК двойчы ўдарыў яго дручком па спіне паміж лапатак, адзін раз дручком па ягадзіцах. Потым ён загадаў хлопцу легчы на падлогу і тады яшчэ каля трох разоў ударыў яго па ягадзіцах.
«Калі Баярскі А. Ю. ляжаў на падлозе, супрацоўнік наступіў сваімі нагамі на ногі Баярскага А. Ю. у ніжняй частцы. Ад ягоных дзеянняў у Баярскага А. Ю. З'явіліся сінякі ў абшары ягадзіц», — гаворыцца ў пастанове адмовіць у завядзенні справы на супрацоўніка ГУБАЗіК.
Нягледзячы на тое, што экспертыза выявіла ў Баярскага сінякі на ягадзіцах, галёнках і плячы, Цэнтральны раённы аддзел СК адмовіў студэнту ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць аднаго з супрацоўнікаў ГУБАЗіКа «Высоцкага В. В.».
27 кастрычніка, праз паўгода пасля затрымання Арцёма Баярскага і выстаўлення яму абвінавачання па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, МУС прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь» і чат «Я выхожу/МКБ».
Падтрымка студэнта навуковай супольнасцю
4 чэрвеня стала вядома, што палітвязня адлічылі з хімфака БДУ. Але ў верасні Арцёма Баярскага залічылі на бакалаўрскую праграму "біятэхналогія" ў Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага. Як толькі хлопец выйдзе на волю, ён працягне навучанне.
47 чальцоў Расійскай акадэміі навук напачатку лістапада падпісаліся пад адкрытым лістом з нагоды пераследу беларускага студэнта Арцёма Баярскага. Ліст адрасаваны генпракурору Беларусі Андрэю Шведу і старшыні Мінскага гарадскога суда Таццяне Тупік:
«З сакавіка 2021 года Арцём Баярскі знаходзіцца ў СІЗА. Яму не перадаюць падручнікі, не дастаўляюць лісты, не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу. Асаблівую трывогу выклікаюць паведамленні аб тым, што ў зняволенні Арцём падвяргаўся збіццю.
Маладыя навукоўцы — будучыня навукі і будучыня дзяржавы.
Мы просім суд вызваліць Арцёма Баярскага з-пад варты».
У чым яго абвінавачваюць?
Паводле матэрыялаў справы, са жніўня 2020 па сакавік 2021 года 20-гадовы Арцём Баярскі «адміністраваў адзін з найбуйнейшых Telegram-каналаў, прызнаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь экстрэмісцкім фарміраваннем і чат, які аб'ядноўвае студэнтаў спецыялізаванага факультэта вышэйшай навучальнай установы краіны. Абвінавачаны, кіруючы экстрэмісцкай супольнасцю, фарміраваў яго склад, размяркоўваў ролі, вёў кантроль па інфармацыйным напаўненні рэсурсу і арганізоўваў удзел яго членаў у акцыях пратэсту.
З мэтай публічнага выказвання супрацьзаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, публікуючы заклікі да вядзення радыкальнай дзейнасці ў чатах мэсэнджара Telegram, малады чалавек падабраў удзельнікаў для выканання сваіх злачынных мэтаў.
У супольнасцях абвінавачваны навучаў метадам узаемадзеяння, спосабам непадпарадкавання законным патрабаванням праваахоўнікаў, пераконваў да здзяйснення канкрэтных супрацьпраўных дзеянняў і распаўсюджваў інфармацыю аб месцы збору ўдзельнікаў чата. Акрамя гэтага, ён асабіста ажыццяўляў кантроль за іх прыбыццём да прызначанага часу на запланаваныя ў сталіцы несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, а таксама за вяртаннем з такіх.
Рэалізуючы свой злачынны намер, ён прымаў меры па згуртаванні і павелічэнні колькасці супольнасцяў — падтрымліваў іх маральна ў гутарках прыватнага характару, арганізоўваў правядзенне сумеснага вольнага часу, у тым ліку сумеснага распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў і пратэснай сімволікі, фарміруючы ў асобаў гатоўнасць і жаданне ўдзельнічаць у супрацьзаконных дзеяннях, калі гэта спатрэбіцца, а таксама стварэнню ў грамадзян пратэснага настрою». Гэтыя дзеянні Арцёма Баярскага кваліфікавалі па ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем).
Акрамя гэтага, Баярскага абвінавачваюць у актыўным ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка мінулага года:
«Рухаючыся па праспектах Машэрава і Пераможцаў, а таксама па вуліцах Арлоўскай, Сурганава і Багдановіча ў сталіцы, ён ігнараваў законныя патрабаванні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, груба парушаў грамадскі парадак і выкрыкваў розныя лозунгі пратэснага характару. Акрамя гэтага малады чалавек наўмысна блакаваў шляхі транспартных камунікацый шляхам сумеснага выхаду з іншымі асобамі на праезную частку, маючы пры сабе сцяг, які выкарыстоўваўся як пратэсны сімвал». Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
spring96.org