Падатковая хоча, каб Ціханоўскі сплаціў падатак з тых 900 тысяч долараў, якія нібыта знайшлі за канапай
У Гомелі суд пачаў разглядаць скаргу Сяргея Ціханоўскага на рашэнне падатковай інспекцыі аб спагнанні празмернага падатку. Гаворка ідзе пра тыя самыя 900 тысяч долараў, нібыта знойдзеных ў чэрвені 2020 года за канапай на лецішчы Ціханоўскага. Судовы працэс зрабілі закрытым, паведамляе карэспандэнт TUT.BY.
З часткі грошай, знойдзеных у Ціханоўскага за канапай, падатковая інспекцыя хоча спагнаць празмерны падатак (16%). Паводле пастановы падатковай, Ціханоўскі павінен выплаціць у бюджэт 257 тысяч 992 рублі і 72 капейкі — зыходзячы з сумы перавышэння даходаў над выдаткамі.
Ціханоўскі падаў
скаргу: ён наогул адмаўляе, што гэта ягоныя грошы.
13 траўня ў судзе
Савецкага раёну Гомеля адбылося папярэдняе слуханне па гэтай грамадзянскай
справе.
У пачатку працэсу
прадстаўнікі падатковай звярнуліся да суду з хадайніцтвам зрабіць працэс
закрытым: маўляў, будзе агучана службовая інфармацыя, якую нельга выдаваць,
таксама спаслаліся на ахоўваемую законам падатковую таямніцу.
Адвакат
Ціханоўскага Наталля Мацкевіч запярэчыла, што падстаў для слухання гэтай справы
ў цалкам закрытым фармаце няма — можна часткова закрываць працэс, калі таго
патрабуе закон.
— Закрытыя
судовыя пасяджэнні наганяюць у грамадстве атмасферу недаверу, што суды
адбываюцца не зусім справядлівым чынам, — адзначыла Наталля Мацкевіч.
Тым не менш пасля
больш чым гадзіннага перапынку суддзя выйшла з дарадчага пакоя і абвясціла
працэс закрытым.
Нагадаем, 4
чэрвеня на лецішчы Сяргея Ціханоўскага міліцыянты знайшлі 900 тысяч долараў.
Ператрус доўжыўся з трох гадзін дня да трох ночы. Грошы выявілі каля дзвюх
гадзін ночы, толькі падчас трэцяга ператрусу.
Сам Ціханоўскі
настойвае, што грошы падкінутыя.
Святлана
Тихановская ў інтэрв'ю расійскаму тэлеканалу «Дождж» таксама выказалася аб
знойдзенай суме.
— Вядома, ён
займаўся камерцыйнай дзейнасцю. Але я вельмі сумняваюся ў тым, што ён змог
зарабіць такія грошы.
— Гэта значыць,
гэтыя грошы, вы мяркуеце, падкінулі? — удакладніў вядучы.
— Я не магу
сцвярджаць. Меркаваць — так. Але гэта будзе абвінавачваннем. Гэта справа Следчага
камітэта — даказваць.
— 3 чэрвеня
праводзіўся ператрус ва ўстаноўленым парадку ў дачным доме, уласнікам якога
з'яўляецца маці затрыманага Ціханоўскага. З санкцыі пракуратуры ў прысутнасці
панятых і маці Ціханоўскага выяўленыя радыёстанцыі, фінансава-гаспадарчыя
дакументы, пячаткі суб'екта гаспадарання, машынка для рахунку грошай і самі
грошы — 900 тысяч долараў ЗША, — пракаментавала знаходку МУС. І
прадэманстравала аператыўнае відэа з вялікай сумай грошай.
На відэа маці
Ціханоўскага кажа, што гэта яе грошы. «Я зарабляла, сын зарабляў», — адказвала яна пасля шматгадзіннага ператрусу міліцыянтам.
Следчы камітэт
заявіў, што на грошы накладзены арышт у сувязі з нібыта шкодай «ад
дзеянняў Ціханоўскага і набліжаных асоб», які склаў больш за 3,5 млн
рублёў.