Андрэю Аляксандраву працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на месяц
Журналісту і медыяменеджару Андрэю Аляксандраву яшчэ на месяц працягнуты тэрмін утрымання — да 12 чэрвеня, паведамляе Радыё Рацыя.
Паводле слоў яго адваката Антона Гашынскага, ніякіх следчых дзеянняў з Аляксандравым цяпер не праводзіцца. Журналіст адчувае сябе добра. У апошні час ён атрымаў вялікую колькасць лістоў, многім ужо паспеў адказаць.
Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня. 14 студзеня ў рамках расследавання справы Аляксандрава прайшоў вобшук у офісе інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, дзе ён у 2014—2018 гадах займаў пасаду намесніка дырэктара.
Медыяменеджар і яго дзяўчына падазраюцца сілавікамі ў фінансаванні пратэснай дзейнасці. “Устаноўлена, што 42-гадовы Андрэй Аляксандраў і яго 31-гадовая сужыцелька Ірына Злобіна са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у масавых беспарадках і іншых пратэсных акцыях на тэрыторыі горада Мінска, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў, кампенсацыі ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ і гэтак далей”, — заявіў раней намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч.
Паводле яго слоў, з 22 жніўня да 9 лістапада 2020 года Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў розным асобам. Грашовыя сродкі для гэтых мэтаў былі перададзеныя фондам By_Help.
12 красавіка стала вядома, што ўпраўленне Следчага камітэта па Менску распачало крымінальныя справы ў дачыненні да сузаснавальнікаў ініцыятывы BY_Help Аляксея Лявончыка і Андрэя Стрыжака, якія, паводле версіі следства, перадавалі грошы Аляксандраву і Злобінай “для наступнага іх выкарыстання ў злачыннай дзейнасці”.
У той жа час праваабаронцы сцвярджаюць, што аплата штрафаў не з’яўляецца фінансаваннем групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Як растлумачыў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, калі б Аляксандраў іх сапраўды фінансаваў, яго мэты і намер былі б накіраваныя на тое, каб плаціць грошы людзям за здзяйсненне канкрэтных дзеянняў.
На думку праваабаронцы, у гэтым выпадку Аляксандраў займаўся праваабарончай дабрачыннай дзейнасцю, “таму што грошы былі сабраныя людзьмі для таго, каб камусьці дапамагаць”.
Стэфановіч лічыць выстаўленае абвінавачанне недарэчным і звязвае яго з публічнай і праваабарончай дзейнасцю Аляксандрава. Таксама, паводле слоў Стэфановіча, артыкул 342, па якім абвінавачваюць Аляксандрава, адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх і для ўзяцця абвінавачванага пад варту следству патрэбная сур`ёзная матывіроўка — што Аляксандраў, да прыкладу, небяспечны для грамадства або можа ўздзейнічаць на сведак і пацярпелых. „Як я разумею, ніякай матывацыі ў гэтым выпадку не было”, — сказаў праваабаронца.
У СІЗА Аляксандраў і Злобіна пастаўленыя на ўлік у якасці асоб, схільных да экстрэмізму.
Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.
www.racyja.com, belapan.by