Падкінулі таблеткі і сказалі, што павесяць артыкул за наркотыкі: як пераследуюць за кратамі Вікторыю Кульша
У гомельскай жаночай калоніі 13 чэрвеня на выязным пасяджэнні асудзілі палітзняволеную Вікторыю Кульша паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Суддзя суда Чыгуначнага раёна Гомеля Сяргей Мальцаў прызначыў Вікторыі ў дадатак да двух гадоў і шасці месяцаў калоніі яшчэ адзін год у зняволенні.
Адміністрацыя жаночай калоніі ўвесь час ціснула на Вікторыю: за «парушэнні» яна правяла 32 дні ў ШІЗА і пяць месяцаў у ПКТ. Акрамя гэтага, яе паставілі на прафілактычны ўлік як «схільную да суіцыду» за абвешчаную на знак пратэсту галадоўку.
У ПКТ Вікторыі Кульша падкінулі таблеткі і пагражалі крымінальным артыкулам за «абарот наркатычных сродкаў». Пра тое, як праходзіў суд над Вікторыяй, пра яе «змову» з Марыяй Калеснікавай, пра пагрозы адміністрацыі калоніі і пра тое, як жанчына пачуваецца цяпер, пасля 20 месяцаў у зняволенні, — дачка Вікторыі распавяла праваабаронцам.
У Вікторыі перад судом забралі ўсе яе запісы і не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы
Пры канцы сакавіка 2022 года супраць адміністратаркі тэлеграм-канала «Кіроўцы 97%» Вікторыі Кульша распачалі новую крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (ч. 1 арт. 411 КК). Суд над палітзняволенай праходзіў на тэрыторыі калоніі, а ейных сваякоў на працэс не прапусцілі. За некалькі дзён да суда, пакуль жанчына была на шпацыры, у яе забралі ўсе запісы: скаргі, прыклады апеляцыйнага абскарджання, усе адрасы судоў, адвакатаў, МНС. Прычыну гэтага ёй не назвалі.
«Падчас суда маці не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы. У справе два тамы, але ёй сказалі толькі пра адзін, а пра другі дазналася ад адваката. З першым томам ёй далі азнаёміцца за сем гадзін, замест належнага месяца. На судзе прысутнічалі сведкі толькі супраць мамы. Тых сведак, якіх хацела бачыць яна, нават не запрасілі, у іх нават допыту не было. Усе сведкі супраць яе былі супрацоўнікамі калоніі. Адзін з іх прысутнічаў на самім допыце мамы, на матчыну просьбу вывесці яго — яна атрымала адмову. У дзень суда ніхто не чакаў, што ў яе будзе адвакат. Былі забаронены відэа- і аўдыёзапісы.
У мамы не было на руках ейных запісаў, у адваката забралі ноўтбук без інтэрнэту», — кажа дачка палітзняволенай Аляксандра.
Вікторыя не ведала, што будзе прысутнічаць адвакат, таму хвалявалася, што не зможа абараняць сябе сама без сваіх запісаў, якія ў яе забралі. Суддзя паведаміў, што ў яе будзе адвакат, але таксама сказаў, каб ёй аддалі запісы. Адразу пасля суда іх ізноў забралі ў Вікторыі.
Карцар, ШІЗА, ПКТ, галадоўка і падкінутыя таблеткі
У няволі палітзняволеная знаходзіцца з 4 лістапада 2020 года. За 20 месяцаў на яе рэгулярна аказваюць ціск. У СІЗА-1, дзе яна знаходзілася да першага суда, яе некалькі разоў адпраўлялі ў карцар. Пры гэтым у першы раз яе туды змясцілі адразу пасля весткі пра смерць бацькі. У Жодзіне паводле двух пратаколаў Вікторыю закінулі ў карцар на 20 сутак, але адразу яна адбыла там толькі 17 — у яе пачаўся крывацёк і жанчыну перавялі ў камеру. Як толькі самаадчуванне Вікторыі палепшылася, яе адправілі «даседжваць» трое сутак.
У гомельскай папраўчай калоніі Кульша правяла ў штрафным ізалятары агулам 32 дні. Пасля гэтага былі пяць месяцаў у памяшканні камернага тыпу (ПКТ) і новы крымінальны артыкул за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі». Прычынай для змяшчэння ў ПКТ стала тое, што палітзняволеная не зашпіліла ніжні гузік паліто. Жанчына ў знак пратэсту абвясціла галадоўку, якую трымала 11 дзён: дзевяць дзён без ежы і яшчэ два — без вады. Яна сказала, што будзе вымушана давесці сябе да абязводжвання і адмовіцца ад медыцынскай дапамогі, каб яе змясцілі ў лякарню, дзе яна атрымае «чалавечыя ўмовы». За гэта яе паставілі на прафулік як «схільную да суіцыду». Спачатку ёй прызначалі толькі два месяцы ў ПКТ, але пасля выхаду адміністрацыя вырашыла дадаць яшчэ тры месяцы.
Акрамя гэтага, паводле самай палітзняволенай, ёй «падкінулі таблеткі і сказалі, што павесяць на яе артыкул за "абарот наркатычных рэчываў"», на што яна сказала: «Толькі ў вас у калоніі такое бывае».
«Вы з Марыяй Калеснікавай заадно»
Адміністрацыя жаночай калоніі абвінаваціла Вікторыю ў змове з Калеснікавай яшчэ да этапу Марыі ў калонію. Пры гэтым яны нават не знаёмыя:
«У лістападзе, яшчэ да этапу Марыі Калеснікавай, да мамы прыйшоў супрацоўнік з УДВП і распачаў двухгадзінны допыт. Спрабаваў даведацца пра ейныя палітычныя погляды «да» затрымання і якія будуць «пасля». Мама сказала, што яна перад ім справаздачыцца не павінна, на што пайшлі пагрозы: вось вы з Марыяй Калеснікавай заадно, мы вас дваіх абмяжуем ад грамадства, вы робіце горш не толькі сабе, але і навакольным. Маці толькі ўсміхнулася і сышла. Падчас этапу Марыі маму адправілі ў ПКТ.
Чаму яны думалі, што яна знаёмая з Калеснікавай, нават мама не ведае. Быў момант у ПК-4, калі ў іх па тэлевізары на мясцовым канале паказвалі толькі маму, як "злосніцу" і "ворага народа"», — узгадвае Аляксандра.
«Максімальна даюць зразумець, што гэта не апошні артыкул і яна тут надоўга»
17 чэрвеня Аляксандра змагла трапіць на спатканне з маці. Сустрэча доўжылася дзве гадзіны.
«Мы абмяркоўвалі абсалютна ўсё. Выглядае змучанай. Схуднела: да затрымання яна была 72-75 кілаграмаў, а цяпер з выгляду 60-63. Ёй далі зразумець, што часова ёй могуць не пісаць. Была практыка такая ў ПК-4, калі тыднямі маглі не ісці лісты.
Спадзяецца, што ў СІЗА яна хоць трошкі адпачне ад ШІЗА і карцараў, дый горш, чым у ПК, яна сказала, быць нічога не можа. Тут ёй максімальна даюць зразумець, што гэта не апошні артыкул і яна тут надоўга.
Адвакату адмовілі ў азнаямленні з прысудам і сказалі, што дашлюць у электронным варыянце на працягу пяці сутак. Прайшло ўжо восем, але прысуд ёй яшчэ не даслалі. Цяпер імкнецца напісаць апеляцыю па памяці».
Да разгляду апеляцыйнай скаргі Кульша будзе знаходзіцца ў гомельскім СІЗА-3.
Падтрымайце Вікторыю пасылкамі, бандэролямі, грашовымі пераводамі і тэлеграмамі:
СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Вікторыя Аляксандраўна Кульша
Згодна са звесткамі праваабаронцаў, за апошні год прынамсі 24 палітвязняў перавялі ў «крытую» турму і супраць яшчэ дзесяці распачалі крымінальныя справы паводле арт. 411 КК.