Журналіст Алег Груздзіловіч, верагодна, зноў у ШІЗА

Ад палітвязня па-ранейшаму няма лістоў. Вядома, што пасля этапавання ў калонію ён ужо адседзеў 10 дзён у ШІЗА.

Палітзняволены журналіст Алег Груздзіловіч

Палітзняволены журналіст Алег Груздзіловіч

Журналіст «РС» Алег Груздзіловіч адразу ж пасля этапавання ў магілёўскую калонію № 15 трапіў на 10 дзён у ШІЗА. Паколькі ад яго зноў няма лістоў, жонка мяркуе, што палітзняволены журналіст трапіў у ШІЗА другі раз. За што — невядома.
27 траўня Алег Груздзіловіч, якому 3 сакавіка прысудзілі 1,5 года пазбаўлення волі і выплату 56 тысяч рублёў кампенсацыі за спыненне грамадскага транспарту, быў этапаваны з магілёўскага СІЗА ў калонію № 15, таксама ў Магілёве. Ён адразу трапіў у каранцін, які раней з прычыны кавіду доўжыўся 21 дзень, а цяпер скарочаны да 10 дзён. Але ўвесь тэрмін каранціну журналіст не адбыў.

«Я "з тэхнічных прычын" не буду мець магчымасцей ні пісаць лістоў, ні рабіць малюнкаў»

31 траўня Алег напісаў жонцы Мар’яне ліст, які яна атрымала 5 чэрвеня.
«Заўтра пачынаецца лета і мой новы "эпізод" у жыцці. Я "з тэхнічных прычын" не буду мець магчымасцей ні пісаць лістоў, ні рабіць малюнкаў. Пачынаецца лета, і хацелася, каб было цёплае надвор’е і не мерзнуць, але не атрымаецца», — піша Груздзіловіч у лісце сваякам.
Чытаючы між радкоў, Мар’яна зразумела, што Алега, калі гаварыць нармальнай мовай, змясцілі ў ШІЗА ці карцар.
«Атрымліваецца, што з 1 па 10 чэрвеня Алег быў у ШІЗА», — мяркуе яна.
16 чэрвеня Мар’яна атрымала ад Алега адразу два лісты ў адным канверце, датаваныя 11 і 12 чэрвеня.
«Ты мяне правільна зразумела. Я вярнуўся ў каранцін, а тут такі бэдлам! Я прывык за 10 дзён да "стэрыльнай" цішыні, а тут у каранцінным памяшканні да 23.30 размаўляюць, шэпчуцца, а ў 4.30 ужо ўстае дзяжурны. Я не спаў усю ноч. Затое тут ёсць матрас, падушка, коўдра, бялізна — я проста "балдзеў"», — напісаў Алег.
Як расказалі Мар’яне дасведчаныя людзі — жонкі палітычных зняволеных, чые мужы ў магілёўскай калоніі № 15 прабылі даўжэй і ўжо паспелі падзяліцца ўражаннямі ад умоў у штрафным ізалятары, — там ёсць голая металічная шконка, якая высоўваецца толькі на ноч, а на дзень прымацоўваецца да сцяны, ёсць толькі зэдлік, ракавіна і дзірка ў падлозе замест унітаза. Матраса, пасцельнай бялізны няма. Ляжаць днём нельга, можна толькі хадзіць па маленькай камеры ці сядзець на маленькім нязручным зэдліку.

Палітвязня пазбавілі доўгатэрміновага спаткання і перадач

Раней Мар’яна з Алегам у лістах абмяркоўвалі доўгатэрміновае спатканне, якое можа доўжыцца трое сутак і на якое можна прывезці вялікую перадачу ў 50 кг (альбо даслаць поштай). Мар’яна пыталася ў мужа, як лепш зрабіць.
«Дык вось у гэтым лісце ён напісаў, што пытаньне пра ДС (доўгатэрміновае спатканне) і вялікую перадачу ўжо не актуальнае. Піша Алег эзопавай мовай.
"Мамусік, не хвалюйся. З мяне тут зрабілі "героя". Памятаеш, як у Савецкім Саюзе, калі прысвойвалі званне героя, давалі ордэн. А мне далі яшчэ і медаль да ўсяго", піша Алег.
То-бок, як я зразумела, яго пазбавілі доўгатэрміновага спаткання, вялікай перадачы і яшчэ, хутчэй за ўсё, кароткатэрміновага спаткання», — робіць свае высновы Мар’яна Груздзіловіч.
Яшчэ Алег напісаў, што хоча напісаць заяву, каб дазволілі пагаварыць праз тэлефон. «Толькі гэта пры ўмове, што мяне зноў не адправяць у "камандзіроўку"», — тлумачыць ён.
Да таго ж у лісце ад 11 ліпеня Алег напісаў, што 14 чэрвеня павінна быць размеркаванне па атрадах (размеркаванне адбываецца толькі па аўторках). Паколькі лістоў ад яго няма дагэтуль, Алег не напісаў, у які атрад трапіў, Мар’яна мяркуе, што муж зноў апынуўся ў ШІЗА.
«Тут пакуль больш складана, чым у СІЗА. У калоніі ўсе ходзяць ва ўсім чорным. Засталося пратрымацца 3 дні ў каранціне», — напісаў Алег.
Мар’яне расказалі жонкі больш дасведчаных сядзельцаў, што ўсе, хто ў каранціне, толькі начуюць у памяшканні — цэлы дзень яны знаходзяцца на вуліцы, іх ганяюць і прымушаюць вывучаць на памяць правілы ўнутранага распарадку.

Адміністрацыйных судоў па пазовах «Мінсктранса» яшчэ не было

За якія правіны Алег трапіў у ШІЗА, дакладна невядома. Мар’яна толькі ведае, што ў камеру да Алега прыходзіў афіцэр і патрабаваў падпісаць паперу, што Алег згодны, каб суд паводле пазова «Мінсктранса» адбыўся 6 чэрвеня. Алег адмовіўся, каб суд праходзіў без яго і яго прадстаўніка (адваката).
«Можа, за гэтую адмову Алега цкуюць. Я высветліла, што матэрыяльныя прэтэнзіі ў 56 тысяч рублёў да Алега нібыта за спыненне грамадскага транспарту (16 жніўня на плошчы Незалежнасці, 11 кастрычніка на Кальварыйскай і 18 кастрычніка — на Партызанскім праспекце) будуць накіраваныя ў тры суды (адпаведна — Маскоўскага, Фрунзенскага і Партызанскага раёнаў). Але справы ў суды яшчэ ня трапілі», — кажа жонка Алега Груздзіловіча Мар’яна.
Нагадаем, журналіста «РС» Алега Груздзіловіча абвінавачвалі паводле трох эпізодаў удзелу ў «масавых беспарадках» падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года і гвалту (арт. 342). Пракурор запатрабаваў для журналіста паўтара года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Суддзя пагадзіўся з такім патрабаваннем і вынес адпаведны вырак. Пасля разгляду апеляцыі 10 траўня 2022 года Мінгарсуд пакінуў без змен прысуд папярэдняй інстанцыі. 
Паводле РС.