Палітзняволенага журналіста Алега Груздзіловіча перавялі ў магілёўскую турму

Журналісту Алегу Груздзіловічу вынеслі вырак у судзе Савецкага раёна Мінска апоўдні 3 сакавіка. Ён абскардзіў вырак у гарадскім судзе.

Алег Груздзіловіч

Алег Груздзіловіч

Як паведаміла Свабодзе Мар'яна Груздзіловіч, пра перавод Алега ў магілёўскую турму ёй стала вядома 25 сакавіка, калі пыталася ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску пра тое, як арганізаваць сустрэчу мужа з натарыюсам.
Ёй сказалі, што 23 сакавіка Алега этапавалі ў турму нумар 4 Магілёва. Пазней прыйшоў ліст ад Алега ад 23 чысла, у якім ён напісаў, што яму тады загадалі сабраць усе рэчы і зрабіць іх вопіс.
28 сакавіка дзяжурная ў магілёўскай турме пацвердзіла жонцы Алега Груздзіловіча, што ён ужо ў іх.
Пры гэтым дата разгляду касацыйнай скаргі Алега Груздзіловіча і яго адвакаткі ў Мінскім гарадскім судзе не прызначаная.
3 сакавіка Алега Груздзіловіча асудзілі на 1,5 года калоніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 году і гвалту. Таксама Груздзіловічу выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.
Адвакат Груздзіловіча на судзе заявіў, што лічыць абвінавачанне неабгрунтаваным, бо ў дзеяннях Груздзіловіча няма складу злачынства і яму павінен быць вынесены апраўдальны прысуд.