Пікет у Гародні: за сумленныя выбары і супраць аўтапошліны
У Гародні на вуліцы Ажэшкі, непадалёк ад вакзалу, прайшоў пікет, зладжаны спікерамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а таксама збор подпісаў за адмену аўтапошліны і адстаўку ўрада.
Падчас акцыі мы па тэлефоне звязаліся з лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам, які прымаў у пікеце самы непасрэдны ўдзел.
«Даволі актыўна людзі бяруць інфармацыйны бюлетэнь «Голас Розуму», — паведаміў Анатоль Лябедзька. — Натуральна, гэта не абыходзіцца без прысутнасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Налічылі іх дзевяць — усе ў цывільным. Адзін прадставіў пасведчанне на прозвішча Скок. Перапісалі дадзеныя ўдзельнікаў пікета. Я толькі прадставіўся, і на гэтым пакуль усё. Усе яны побач і пакуль наглядаюць. Што будзе далей, паглядзім, бо па Бярэсці ведаем, што напачатку там таксама перапісалі дадзеныя, а потым пачаўся прэс у адносінах да тых, хто прымаў удзел у пікеце».
Паводле апошняй інфармацыі, пікет закончыўся без затрыманняў. Надалей гародненцаў чакае прэзентацыя кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засценках КДБ».