Прэм’еру “Фаўста” гарадзенцы глядзелі стоячы
Прэм’ера спектакля па матывах трагэдыі Гётэ адбылася ў тэатры лялек 6 лютага і сабрала поўную залу. Білеты на інтрыгуючы спектакль раскупілі літаральна за хвіліны пасля іх з’яўлення ў продажу.
Як адзначыў галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алег Жугжда, спектакль задумваўся для камернай сцэны. Аптымальная колькасць гледачоў — да 70 чалавек. На прэм’еру прыйшлі больш за 80 гледачоў, больш дзесяці з іх былі вымушаныя стаяць цягам усяго спектаклю. “Але засталіся задаволеныя!” — здзіўляецца галоўны рэжысёр.
“Фаўст. Сны” паказваюць два дні запар, як і “Пікавую даму” на прэм’еры, у тым ліку з-за складанасці ўсталявання дэкарацый.
Новы спектакль пакажуць на фестывалі “Лялькі над Нёманам” у маі, пасля ён паедзе на мінскі тэатральны фестываль. Яшчэ да прэм’еры “Фаўст. Сны” атрымаў запрашэнне на міжнародны фестываль тэатраў лялек “Пятрушка вялікі”, які адбудзецца восенню.
У “Фаўсце” граюць зоркі “Пікавай дамы” Ларыса Мікуліч і Аляксандр Рацько ды маладая актрыса тэатра Аляксандра Літвінёнак. Галоўную ролю выканаў акцёр драмтэатра Аляксандр Шаўкаплясаў.
Здымкі прадстаўленыя Тэатрам лялек