Перфоманс Алеся Мары супраць палітыкі “русского мира”
25 сакавіка на святкаванні Дня Волі выбітны беларускі мастак і грамадскі дзеяч Алесь Мара (Аляксей Марачкін) зладзіў у Мінску перфоманс супраць палітыкі “русского мира“.
Як адзначыў у каментары НЧ Алесь Мара, у сувязі з расийскай агрэсіяй ва Украіне ягоны “Ліст да Пуціна” носіць антываенны і антыпуцінскі характар. Гэты твор упершыню быў прадстаўлены грамадству восенню мінулага году на плошчы Свабоды пад час адной з акцый супраць размяшчэння ў Бабруйску расійскай ваенна-паветранай базы. Але час ідзе і аўтар дабавіў на палатно так званых “зялёных чалавечакаў”. Яны сыплюцца на зямлю Беларусі з бамбавоза, якім кіруе Уладзімір Пуцін з атамнай бомбай у руках.
Менавіта гэтыя “зялёныя чалавечкі” надалі твору новы змест пасля таго, як Расея захапіла Крым і Данбас. І на Дзеь Волі мастак прынёс “Ліст да Пуціна” да кінатэартра “Кастрычнік”, каб людзі шчыра выказалі свае асабістыя адносіны да расейскай агрэсіі і пуцінскай імперскай палітыкі. “Менавіта гэтыя зафіксаваныя на палатне выказванні надаюць мастацкаму твору іншую каштоўнасць — гістарычнай пісьмовай крыніцы, якая арганічна ўпісваецца ў сюжэт палатна”. Вось чаму мастак запрашаў людзей да ягонага твору і даваў ім асадкі і алоўкі, каб яны выказалі свае думкі і рэфлексіі наконт расійскай імперскай палітыкі.
Жадаючых пакінуць свой аўтограф на палатне было шмат. Так, экс-кандыдат у прэзідэнты, выбітны беларускі паэт і грамадскі дзеяч Уладзімір Някляеўнапісаў: “Прыйдзе наша Мара, згіне ваша Хмара!”
Алесь Мара плануе паказаць “Ліст да Пуціна” грамадству на сваёй бліжэйшай персанальнай выставе.