Польскі прафесар: Новае беларускае пакаленне — фенаменальнае ўвасабленне еўрапейскасці

Польская этнолаг Ганна Энгелькінг упэўненая, што цяперашнія ідэі супраціву і жыцця ў Беларусі згенеравала беларуская вёска XX стагоддзя.

d7148f2f_b7f1_4773_af88_7fcf7c335a0a_w1023_r1_s.webp

Прафесар Ганна Энгелькінг — этнолаг Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук у інтэрв'ю газеце «Белорусы и рынок» успомніла, якім чынам польская навуковая супольнасць дапамагала беларускім калегам і распаўсюджвала інфармацыю пра рэпрэсіі ў Беларусі.

«Адзін з лістоў быў напісаны навуковай радай Інстытуту славістыкі польскай акадэміі навук у падтрымку студэнтаў, якія страйкавалі. Таксама быў ліст Польскага аб’яднання этнолагаў. Гэта разышлося даволі шырока, у Беларусі гэтыя лісты публікавала незалежная прэса. Апошнім актам салідарнасці стала рэакцыя польскіх этнолагаў і антраполагаў на арышт антраполага Ўладзіміра Шыпілы, маладога дактаранта Інстытуту гісторыіі Акадэміі навук Беларусі, якога арыштавалі пасля аднаго з пратэстаў».

Таксама прафесар Энгелькінг апісала цяперашняе пакаленне беларусаў, якое ўжо не жадае мірыцца з дыктатурай у сваёй краіне.

«Новае беларускае пакаленне — фенаменальнае ўвасабленне еўрапейскасці ў яе найбольш пазітыўным выглядзе, гэта значыць — дэмакратычная адкрытасць, ініцыятыва, супольныя дзеянні дзеля паляпшэння цэлага грамадзтва, адначасова — падтрымка роўнасці. Гэта найбольш пазітыўныя дэталі еўрапейскага праекту, якія добра засвоіла пакаленне новай Беларусі, накіраванае ў Еўропу. А другі аспект: гэтае пакаленне — носьбіт традыцыйных беларускіх каштоўнасцяў, якія арганічна гарманізуюцца з такой еўрапейскай ненацыяналістычнай дэмакратычнай адкрытасцю».

Прафесар Энгелькінг дадала, што спрабуе дапамагаць беларускім навукоўцам кансультацыямі па дакументах і ў бытавых справах.

Ментальны фенамен, які прафэсар назвала «калгаснікамі», не павінен гучаць негатыўна. Ганна Энгелькінг убачыла ў беларускіх калгасніках, і ўвогуле ў людзях, якія жывуць на вёсцы і знаходзяцца «пад ціскам калгаснай негуманнай сістэмы», тыя вартасці, якія «не паддаліся гэтай сістэме».

Таксама польскі этнолаг заўважыла, што ўзровень рэпрэсій, які зараз вытрымлівае беларускае грамадзтва, можна параўнаць толькі з узроўнем рэпрэсій часоў фашысцкай акупацыі краіны. Яна перакананая, што ў Польшчы 80-х такога беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсій не было.

Ганна Энгелькінг — аўтарка даследавання «Kołchoźnicy» («Калгаснікі»), якое сталася вынікам больш чым дзесяцігадовых палявых даследаванняў, праведзеных у вёсках на ўсходзе і захадзе Беларусі. У выніку прафесар прадставіла антрапалагічны аналіз калектыўнай ідэнтычнасці беларускіх сялян, які дае ўяўленне пра працяг развіцьця традыцыйных каштоўнасцяў беларусаў, якія надалей захоўваюцца, нягледзячы на трагедыі XX стагоддзя — калектывізацыю, войны, атэізацыю.

Ядро вобразу калгасніка, паводле Энгелькінг, — дбайны гаспадар, які рэалізаваў сябе дзякуючы працы на зямлі. Беларуская вёска, арыентаваная на ўзаемаадносіны чалавека і сусвету, захоўвае ўніверсальнае вымярэнне, нарадзіла сялянскую ненацыяналістычную ідэнтычнасць. Ідэямі, якія генеравала беларуская вёска XX стагоддзя, на думку навукоўца, шмат у чым кіруюцца сучасныя беларускiя падзеi.