Пра што нагадаў стары здымак
Гэтаму рэдкаму і гістарычнаму здымку — 85 гадоў. На ім сфатаграфаваны ўрад Беларускага студэнцкага
саюза (БСС) Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя ў
1932 годзе.
Такі Беларускі студэнцкі саюз насамрэч існаваў у Віленскім універсітэце з
1920 года. Менавіта тады беларусы Віленскага ўніверсітэта заснавалі
Гурток студэнтаў-беларусаў, які ў 1921 годзе стаў
называцца Беларускі студэнцкі саюз. Яго заснавальнікамі былі Браніслаў
Туронак, Антон Абрамовіч, Францішак Пяткевіч, Тодар Куніцкі і Мікалай
Марцінчык. Усе яны з’яўляліся студэнтамі
медыцынскага факультэта ўніверсітэта. Старшынёй быў абраны Антон
Абрамовіч.
Беларускі студэнцкі саюз праводзіў культурна-асветніцкую дзейнасць,
даваў пазыкі і стыпендыі сваім сябрам, якія былі з бедных сем’яў. Пры
саюзе існаваў славуты хор Рыгора Шырмы, у якім
спявалі пераважна студэнты, і які адзін час называўся Беларускі хор пры
Беларускім студэнцкім саюзе. Існавалі там і курсы беларускай мовы,
беларусазнаўства, кааперацыі, дзейнічала сталоўка
«Беларуская сытніца».
БСС прымаў актыўны ўдзел у самакіраванні ўніверсітэта і ў вырашэнні
шматлікіх пытанняў універсітэцкага жыцця. Беларускі студэнцкі саюз (БСС)
быў самай значнай і буйной беларускай арганізацыяй у
Віленскім універсітэце, пры гэтым, і самай трывалай, праіснаваўшы да
моманту скасавання самога ўніверсітэта. За ўвесь час існавання саюза,
яго сябрамі былі каля 300 асоб, розных па нацыянальнасці,
але найперш беларусаў.
А цяпер вернемся да фотаздымка. На ім злева направа сядзяць Эма Залкінд,
Эрвін Кашмідэр, Марыя Мілюць, Станіслаў Станкевіч. Стаяць злева направа
Янка Хвораст, Мар’ян Пецюкевіч і Хведар
Ільяшэвіч. Лёс гэтых людзей склаўся па-рознаму. Пра адных мы ведаем
шмат, пра іншых — амаль нічога.
Пра Эму Залкінд вядома толькі, што яна па нацыянальнасці была яўрэйкай,
выкладала ва ўніверсітэце гісторыю. Але заўсёды падтрымлівала беларусаў,
прымала ўдзел у розных мерапрыемствах, якія праводзіў
БСС.
Кіраўніцтва ўніверсітэта імкнулася кантраляваць дзейнасць студэнцкіх
таварыстваў. З гэтай мэтай сенат выдаваў спецыяльныя пастановы, апроч
якіх існавалі і адмысловыя «Указанні ўніверсітэцкіх
уладаў па кантролю за дзейнасцю студэнцкіх арганізацый». Паводле гэтых
дакументаў, за кожным студэнцкім таварыствам быў замацаваны куратар з
ліку ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, якога зацвярджаў
сенат. Куратар сачыў за тым, каб дзейнасць студэнцкага таварыства
адпавядала закону і статуту. Ён жа выконваў функцыі апекуна студэнцкай
арганізацыі, прадстаўляў яе інтарэсы перад універсітэцкімі
ўладамі. Куратарамі БСС былі вядомыя і паважаныя не толькі ў Вільні, але
і ва ўсёй Польшчы ды за яе межамі прафесары Станіслаў Уладычка, Эрвін
Кашмідэр, Ежы Гапен.
Эрвін Кашмідэр, які сядзіць на здымку другі злева, хоць і быў немец па
паходжанню, але не заставаўся ўбаку ад праблем беларускай моладзі.
Будучы доктарам славістыкі, ён мог нават з навуковага
гледжання разглядаць беларускае пытанне. Эрвін Кашмідэр актыўна наведваў
пасяджэнні праўлення арганізацыі, куратарам якіх ён быў, разам з
беларускімі студэнтамі перажываў іх поспехі і праблемы. Ён
шчыра апекаваўся справамі саюза, прыкладаў усе свае намаганні, каб
аб’ектыўна знаходзіць выйсце ў канфліктных сітуацыях, якія ўзнікалі
часам паміж сябрамі беларускіх студэнцкіх арганізацый.
І толькі тады, калі Эрвін Кашмідэр пераехаў з Вільні ў Мюнхен на сталае
месца жыхарства, быў вымушаны пакінуць сваё куратарства над БСС. Эх,
знайсці б у Мюнхене сёння дзяцей ці ўнукаў Кашмідэра, а
раптам ён пакінуў успаміны пра Віленскі ўніверсітэт, Беларускі студэнцкі
саюз і фотаздымкі…
Марыя Мілюць, якая сядзіць злева ад Эрвіна Кашмідэра, была родам з
Навагрудскага павета. Гэта родная старэйшая сястра паэта Алеся Мілюця
(1908–1944), які загінуў у гады Другой сусветнай
вайны ва Усходняй Прусіі.
Побач з Марыяй Мілюць — Станіслаў Станкевіч (1907–1980) — беларускі
літаратуразнавец, грамадска-культурны дзеяч, публіцыст, крытык. Скончыў
Віленскую беларускую гімназію і
Віленскі ўніверсітэт, дзе ў 1933 годзе абараніў магістэрскую дысертацыю
на тэму «Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі». У 1936 годзе за працу
«Беларускія элементы ў
польскай рамантычнай паэзіі» атрымаў ступень доктара філасофіі ў галіне
польскай і славянскай літаратуры. Падчас навучання ва ўніверсітэце
прымаў удзел у Беларускім студэнцкім саюзе,
рэдагаваў «Крыніцу» і «Студэнцкую думку», з’яўляўся стваральнікам і
старшынёй універсітэцкага Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Рабіў
шматлікія
публікацыі на тэмы беларускай літаратуры ў Віленскай беларускай прэсе.
Трох прыгожых хлопцаў, якія стаяць, адразу пазнаюць тыя, хто цікавіцца
нашай гісторыяй. Гэта Янка Хвораст, Мар’ян Пецюкевіч і Хведар Ільяшэвіч.
Беларускі танцоўшчык, балетмайстар, збіральнік беларускага фальклору,
заслужаны работнік культуры Беларусі Янка Хвораст (1902–1983) быў родам з
Пружаншчыны. Навучаўся ў Віленскай беларускай
гімназіі, дзе і распачаў творчую дзейнасць як саліст танцавальнай групы
хору славянскай песні. Пасля паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе быў
адным з кіраўнікоў музычна-драматычнай секцыі Беларускага
студэнцкага саюза. Адначасова вучыўся ў прыватнай школе балетнага
майстэрства. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР з’яўляўся
кіраўніком харэаграфічнай групы Беларускага ансамбля песні
і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы, а таксама салістам балета
Беларускай філармоніі.
Беларускі этнограф, педагог і мемуарыст Мар’ян Пецюкевіч (1904–1983)
нарадзіўся ў сям’і малазямельнага селяніна-каталіка на Браслаўшчыне.
Пачатковую адукацыю атрымаў у
Шаўлянскім народным вучылішчы і самастойна. Пасля Першай сусветнай вайны
з дапамогай беларускіх ксяндзоў В. Шутовіча і А. Станкевіча трапіў у
Віленскую беларускую гімназію, прымаў актыўны ўдзел у
беларускім нацыянальным руху, пасля вучыўся Радашковіцкай беларускай
гімназіі. Паспрабаваў выехаць для вучобы ў Прагу. Пры нелегальным
пераходзе мяжы быў затрыманы. Адпраўлены служыць у польскае
войска. Пасля службы ў войску паступіў на гуманітарны факультэт
Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, дзе вывучаў этнаграфію,
археалогію, славістыку, а ў 1938 годзе атрымаў ступень магістра
філасофіі.
Яшчэ падчас вучобы ўладкаваўся на працу ў бібліятэку
Інстытута Усходняй Еўропы (цяпер Бібліятэка імя Урублеўскіх), меў доступ
да спецфондаў, сярод якіх былі выданні з БССР. Дапамагаў
многім віленскім беларусам знаёміцца з забароненымі ў Польшчы выданнямі.
Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза, Беларускага інстытута
гаспадаркі і культуры, Беларускага навуковага таварыства. У
1930–1935 гадах — першы рэдактар часопіса «Шлях моладзі», змяшчаў у ім
свае творы пад псеўданімам Марвіч, пры канфіскацыях нумароў часопіса
двойчы прыцягваўся да
судовай адказнасці, некалькі разоў быў пакараны грашовымі штрафамі. На
грамадскіх пачатках супрацоўнічаў з Беларускім музеем Івана Луцкевіча.
Пасля вайны ў 1949 годзе разам з сям’ёй быў арыштаваны і сасланы ў
Краснаярскі край. А ў 1952 годзе, паводле пастановы генеральнага
пракурора Літоўскай ССР, зноў арыштаваны, дастаўлены ў
Вільню і асуджаны за «нацыяналізм» на 25 гадоў пазбаўлення волі. І
толькі ў 1957 годзе, пасля перагляду справы, быў вызвалены і па
рэпатрыяцыі пераехаў у Польшчу, куды ўжо раней
выехалі яго жонка і дачка. Дзякуючы дапамозе прафесараў-этнолагаў
Казіміра Машыньскага і Марыі Знамяроўскай-Прыферовай, з 1959 года
ўладкаваўся на працу ў этнаграфічны аддзел акруговага музея горада
Торуні, адкуль выйшаў на пенсію.
У Польшчы Марыян Пецюкевіч, хоць жыў у Торуні, быў звязаны з беларускім
рухам на Беласточчыне. Шмат увагі ў сваёй дзейнасці аддаваў вывучэнню
народнай культуры беларусаў Беласточчыны, правёў
этнаграфічныя экспедыцыі на Сакольшчыне і Гайнаўшчыне. Хацеў
арганізаваць Беларускі музей у Польшчы. Як сведка і ўдзельнік
беларускага нацыянальнага руху, супрацоўнічаў з гісторыкамі Юрыем
Туронкам і
Аляксандрай Бергман. Быў адным са стваральнікаў літаратурнага аб’яднання
«Белавежа». Пасля смерці з друку выйшла некалькі ягоных кніг па
этнаграфіі, кніг успамінаў і
эпісталярнай спадчыны.
Папулярны заходнебеларускі паэт 1930-х гадоў Хведар Ільяшэвіч меў Божы
дар. Ён скончыў Віленскую беларускую гімназію і гістарычны факультэт
Віленскага ўніверсітэта. У 26 гадоў стаў магістрам
філасофіі за дысертацыю «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні». Вершы і
празаічныя абразкі пачаў пісаць рана. Друкаваў іх у «Студэнцкай думцы»,
«Беларускай
ніве», «Крыніцы». У 1922 годзе ў Вільні выйшаў яго першы паэтычны
зборнік «Веснапесьні». Пасля свет пабачылі яшчэ два — «Зорным
шляхам» (1932) і «Захварбаваныя вершы» (1936). Пры жыцці ў Хведара
Ільяшэвіча выйшла яшчэ адна кніжачка пра лёс і літаратурную творчасць
Ядвігіна Ш. Вось і ўсё, што паспеў
зрабіць ён за свае 38 гадоў (загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў
Германіі ў 1948 годзе). Ягоныя шматлікія апавяданні, крытычныя артыкулы,
рэцэнзіі і пераклады раскіданы па заходнебеларускіх выданнях
1920–1940-х гадоў і даўно просяцца пад адну вокладку.
Вось такі лёс сяброў Беларускага студэнцкага саюза, пра якіх нагадаў гэты стары фотаздымак.